«Шанцы прайсці ў парламент у прадстаўнікоў АДС ёсць, хаця і невялікія», — такую думку ў інтэрв'ю БелаПАН выказаў лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін.

«Каб стаць дэпутатам, дэмакратычны кандыдат павінен чыста перамагчы і пры гэтым не быць уключаным у «чорны спіс» апазіцыянераў, якіх ні ў якім выпадку не прапусцяць у парламент», — зазначыў ён.

На яго думку, у палату прадстаўнікоў могуць трапіць не больш як пяць кандыдатаў ад АДС.

Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць найгоршым варыянтам, «калі ў Палату прастаўнікоў Аляксандр Лукашэнка прызначыць 110 чалавек, няхай нават сярод іх будуць і кандыдаты ад АДС».

«Важна, каб кандыдаты ад АДС самі сваімі сіламі прайшлі ў парламент, каб яны змаглі стварыць у ім фракцыю», — падкрэсліў ён.

Самастойна прайшоў у парламент прадстаўнік дэмакратычных сіл ці быў у яго прызначаны, паводле слоў палітыка, пакажа яго праца дэпутатам. «Калі ён будзе адстойваць у парламенце пазіцыю АДС, уносіць законапраекты, скіраваныя на развіццё краіны, то, значыць, ён без дапамогі ўладаў трапіў у палату прадстаўнікоў», — сказаў А. Лябедзька.

Паводле слоў палітыка, цяпер бяруць удзел у выбарах 75 кандыдатаў у дэпутаты ад АДС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?