Першы віцэ-прэм'ер Васіль Мацюшэўскі — адзін з ідэолагаў лібералізацыі эканомікі.
Аляксандр Лукашэнка 23 лістапада падпісаў дэкрэт «Аб развіцці прадпрымальніцтва», які з'яўляецца ключавым дакументам з пакета нарматыўных прававых актаў па паляпшэнні бізнэс-клімату ў краіне. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Якія асноўныя новаўвядзенні прадугледжвае гэты дакумент?
Паведамляльны парадак стварэння бізнэсу
Ён будзе датычыцца бытавых, турыстычных і сацыяльных паслуг, дзейнасці ў сферы гандлю і грамадскага харчавання, перавозак пасажыраў і багажу, вытворчасці прадукцыі і будматэрыялаў. Агулам гэта сферы, у якіх засяроджана каля 95% малога і сярэдняга бізнесу.
Зараз для занятку гэтымі відамі дзейнасці дастаткова будзе падаць адзінае апавяшчэнне ў выканкам праз службу «адно акно» альбо з дапамогай партала электронных паслуг. На наступны дзень ужо можна будзе займацца заяўленым відам дзейнасці.
Менш патрабаванняў пажарных і санстанцыі
Дэкрэтам таксама зацверджаны агульныя патрабаванні пажарнай бяспекі, санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні, патрабаванні ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і ветэрынарыі да размяшчэння, уладкавання, абсталявання, утрымання і эксплуатацыі капітальных пабудоў, ізаляваных памяшканняў. Гэтыя патрабаванні максімальна сістэматызаваныя і скарочаныя.
Палажэнні іншых тэхнічных нарматыўных прававых актаў, якія змяшчаюць патрабаванні ў гэтай сферы, цяпер будуць насіць для прадпрымальнікаў асабліва рэкамендацыйны характар да іх адмены.
Барацьба з бюракратызмам
Дэкрэтам максімальна ліквідуюцца адміністрацыйныя бар'еры, звязаныя з наяўнасцю складаных і працяглых працэдур, атрыманнем вялікай колькасці даведак, узгадненняў і іншай дазвольнай дакументацыі.
Так, прадпрыемствам сферы гандлю і грамадскага харчавання не трэба будзе звяртацца ў выканкамы па ўзгадненне рэжыму працы крамаў, рэстаранаў і кафэ. Выключэнне зроблена толькі для устаноў, якія працуюць у начны час (з 23 да 7 гадзін). У сферы транспартнай дзейнасці сыходзіць у мінулае абавязковае патрабаванне аб афармленні дарожных лістоў для перавозак пасажыраў і багажу ў нерэгулярных зносінах.
Адмяняюцца іншыя залішнія і эканамічна затратныя патрабаванні і абмежаванні для бізнэсу ў сферах вытворчасці прадукцыі, будаўнічай і транспартнай дзейнасці, гандлю і іншых.
Павышэнне адказнасці бізнэсу
Адначасова дэкрэт устанаўлівае адміністрацыйную адказнасць кіраўніка за забеспячэнне нармальнай працы прадпрыемства. У прыватнасці, за непрыняцце ім неабходных мер па належнай арганізацыі дзейнасці прадпрыемства, якое пацягнула шкодныя наступствы, калі няма прыкмет злачынства ці іншага адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжаны штраф ад 10 да 200 базавых велічынь.
Гэтая мера заклікана на фоне лібералізацыі патрабаванняў павысіць адказнасць бізнэсу за сваю дзейнасць перад грамадствам і дзяржавай.
Дэкрэт закліканы надаць неабходны імпульс развіццю прадпрымальніцкай ініцыятывы, стымуляваць дзелавую актыўнасць грамадзян і ў цэлым палепшыць інвестыцыйны клімат у краіне.