Грамадства228228

Дзе жывуць і чым займаюцца дзеці лідараў беларускай апазіцыі? 

Іх бацькі — вядомыя і заўважныя ў краіне людзі, якія дэкларуюць непадзельнасць свайго лёсу з будучыняй Беларусі: гэта не толькі палітыкі, але і грамадскія дзеячы, праваабаронцы. Але дзе жывуць і чым займаюцца іх дзеці?

«Наша Ніва» даведалася — мы склалі адмысловы спіс, знайшлі старонкі ў сацсетках, пагаварылі з бацькамі.

Даведайцеся і вы. 

Чытайце таксама: Дзеці беларускіх топ-чыноўнікаў: хто яны? ФОТЫ (2015 год)

Чытайце таксама: Дзе працуюць дзеці беларускіх чыноўнікаў? (2013 год)

У Мікалая Статкевіча дзве дачкі ад першага шлюбу, абедзве жывуць у Нямеччыне.

Вучыліся яны ў Беларусі, але потым па даследчыцкіх праграмах паехалі вучыцца за мяжу і там засталіся. Адна з дачок, Кацярына, нават абараніла доктарскую — жыве ў Інгальштаце. Яе профіль — прамысловая лагістыка. 

Кацярына Статкевіч.
Ганна Статкевіч.

Абедзве — замужам за эмігрантамі з былога СССР.

У дэпутаткі Ганны Канапацкай двое дзяцей, жывуць яны таксама ў Германіі.

«Дзеці ў Нямеччыне не застануцца, сказалі, што будуць вяртацца ў Беларусь — гэта не маё, іх рашэнне», — запэўнівала дэпутат пасля абрання ў Палату прадстаўнікоў.

У лідара АГП Анатоля Лябедзькі адзін сын, яму 32 гады, працуе ў Мінску.

Арцём Лябедзька.

Доўгі час хлопец не мог адшукаць у Беларусі работу, хоць скончыў прэстыжны факультэт міжнародных адносін БДУ. Як кажа Лябедзька-старэйшы, ён ужо сам падбухторваў сына пашукаць работу за мяжой, але ўрэшце склеілася — хлопца ўзялі ў адну мінскую кампанію ў сферы нерухомасці.

«Не буду адказваць. Гэта прыватныя справы, усяго добрага», — так на пытанне пра дзяцей адказаў нам мовазнаўца і адзін з лідараў аргкамітэта «Беларускага руху» Вінцук Вячорка.

Вядома, што ў Вінцука трое дзяцей. Старэйшая дачка Радаслава жыве ў Барселоне.

Акаўнт Радаславы Вячоркі. Фота Сяргея Гудзіліна.

Сярэдняму сыну, Франаку, хутка будзе 30 гадоў, ён працуе ў Беларускай службе амерыканскага «Радыё Свабода», а ў дадзены момант вучыцца ва ўніверсітэце ў ЗША.

Малодшая ж дачка Вінцука, Ружана, вучыцца на біяфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінску. 

Ружана Вячорка.

У дэпутаткі Алены Анісім трое дарослых сыноў, усе жывуць у Беларусі.

Вышэйшай адукацыі, да жалю бацькоў, не атрымалі, расказвала Анісім. Але ўсе дзеці пры справе: адзін рамантуе машыны, другі — тэлефоны, трэці працуе ахоўнікам.

У старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука трое сыноў, двое з іх жывуць у Беларусі, трэці ўжо 11 гадоў жыве ў Нью-Ёрку.

Ён пераехаў туды, выйграўшы амерыканскую грын-карту. Як кажа Ярашук, сын застаецца патрыётам Беларусі і прыязджае на радзіму адзін раз на год.

Лідар камуністычнай партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін мае дваіх дзяцей, яны працуюць у Мінску.

Абое ўжо дарослыя: дачцэ 36 год, сыну 25. Яны інжынеры, дачка працуе на заводзе, а сын — у прыватнай кампаніі.

У паэта Уладзіміра Някляева дзве дачкі. Старэйшая жыве ў Маскве — пераехала туды яшчэ за Саветамі. Малодшая жыве ў Хельсінкі, працуе менеджаркай у культурнай сферы.

Ева Някляева з бацькам.

Зянон Пазняк родных дзяцей не мае, але ў яго ёсць прыёмная дачка Надзея. Яна працуе на тэлеканале «Белсат», жыве ў Варшаве.

Яна замужам за такім жа беларусам-эмігрантам.

Надзея, прыёмная дачка Пазняка.

Старэйшы сын Алеся Лагвінца, Антось, вось толькі-толькі скончыў варшаўскі палітэх, цяпер шукае работу, малодшы яшчэ малы.

Алесь Лагвінец з сынамі.

«Працу Антось шукае ў Беларусі і Польшчы, — сказаў нам Лагвінец. — Я вельмі хачу, каб мае сыны былі прыстойнымі людзьмі і беларусамі, дзе ж яны будуць знаходзіцца — справа іхняга выбару. Напрыклад, два гады павучыцца ў Францыі і вярнуцца ў Беларусь мне нічога не перашкодзіла. Можна пазнаваць іншыя культуры, а потым вярнуцца ў Беларусь. А можна зарабляць грошы і дзейнічаць на карысць Беларусі з-за мяжы».

У шматгадовага старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава адна дачка.

«Жыве яна, вядома, у Беларусі, — запэўніў Трусаў. — Скончыла Універсітэт культуры, цяпер працуе ў бібліятэцы. А ўнучка вучыцца ў беларускамоўнай гімназіі».

Дачка Дзмітрыя Бандарэнкі з «Хартыі'97», Юлія, жыве ў Польшчы, як і яе бацька.

Нядаўна, калі «Хартыю-97» штарміла, гэты папулярны партал перарэгістравалі на яе.

У Вячаслава Сіўчыка двое сыноў: адзін жыве ў Фінляндыі, другі вучыцца ў Польшчы.

Вітаўт Сіўчык (у цэнтры).

«Малодшы вучыцца ў Варшаўскім універсітэце [па праграме Каліноўскага], спецыяльнасць кшталту «эксперт па справах Усходняй Еўропы», ужо на другім курсе магістратуры, — расказала нам Ганна Сіўчык, жонка Вячаслава. — Ён там мае працу [працуе на «Белсаце» — НН], але пра далейшыя планы пакуль невядома, хлопцу 22 гады. А яшчэ адзін працуе у Фінляндыі, яму ўжо 31 год. Паралельна вучыцца ў дактарантуры».

У сям'і экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча трое сыноў.

Два з іх засталіся ў Польшчы пасля навучання па праграме Каліноўскага.

«Ігар Кулей працуе на «Белсаце», без нашай дапамогі ўладкаваўся, па конкурсе, — сказаў «Нашай Ніве» Мілінкевіч. — А Вітаўт Мілінкевіч займаецца бізнэсам — развівае аўтамабільны сэрвіс».

Ігар Кулей.

«Ёсць яшчэ старэйшы сын, Аляксандр, жыве пад Гародняй, у вёсцы Бершты, адкуль паходзіць род Мілінкевічаў — там спрабуе зялёным турызмам займацца. Ці не прыкра, што з'ехалі? Ведаеце, павінны быць магчымасці вяртання для тых людзей, якія атрымалі на Захадзе адукацыю. Бо гэта няпростая справа: з напругай прызнаюцца бакалаўрыяты, магістарскія — цяжка, а доктарскія трэба наноў абараняць. Гэта сур'ёзная праблема, але ёсць яшчэ адна — праблема самарэалізацыі. Я хацеў бы, каб яны вярнуліся. Але так было і ў гісторыі Чэхіі, Грузіі, Эстоніі, Польшчы… Калі людзі набіраліся досведу, а потым вярталіся ў час рэформаў дапамагаць краіне. Я думаю, што і ў нас так будзе. І казаць, што абавязкова ўсе павінны прыехаць і быць тут беспрацоўнымі — гэта неразумна і несумленна».

Старшыня БНФ Рыгор Кастусёў выгадаваў траіх дзяцей — дзвюх дачок і сына.

«Старэйшая, Галіна, скончыла магілёўскі Педуніверсітэт, цяпер глядзіць траіх дзяцей. Другая дачка, Кацярына, скончыла школу з залатым медалём, пасля Акадэмію музыкі і цяпер вучыць музыцы іншых — працуе ў Магілёве. Сын Андрэй [па праграме Каліноўскага] скончыў універсітэт у Гданьску, там жа дактарантуру, і цяпер там займаецца бізнэсам. Ён хацеў бы і вярнуцца сюды, чакае, пакуль яго дзяўчына скончыць універсітэт. Але спачатку і тут трэба знайсці працу, бо папярэдні досвед так сабе: без працы некалькі разоў заставаўся я сам, звальнялі са школы маю старэйшую дачку, звальнялі другую дачку за дапамогу бацьку, у сына былі тут праблемы з вучобай і ён вымушаны быў з'ехаць на вучобу, хаця і быў пераможцам абласных алімпіяд», — расказвае Кастусёў.

У прафсаюзнага лідара Генадзя Фядыніча двое сыноў, абодва жывуць у Беларусі.

«Малодшы ІТ-шнік, старэйшы заняты ў сферы рэкламы, там сумеснае прадпрыемства з еўрапейцамі», — патлумачыў Фядыніч.

У філосафа і колішняга кіраўніка «ЕўраБеларусі» Уладзіміра Мацкевіча двое дзяцей ад розных шлюбаў.

«У мяне ёсць сын ад першага шлюбу, калі я жыў у Латвіі. Ён напалову латыш, грамадзянін Латвіі, але ў пашпарце ён сябе піша беларусам — у іх там ёсць такая графа. Але цяпер ён працуе ў Лондане, мае дзяцей.

А дачка ад другога шлюбу вучылася завочна ў Наргасе і на дзённым у Варшаве. Потым працавала тут, у кансалтынгавай фірме. Але атрымала стыпендыю на навучанне ў Варшаўскім універсітэце на міжнародных фінансавых адносінах, скончыла. Ёй прапаноўвалі працаваць у «Варгеймінгу», але не ў мінскім офісе, таму яна адмовілася, бо хацела штосьці тут. Ну і цяпер робіць у Польшчы, падвышае кваліфікацыю, але і шукае штосьці тут. Яна даволі добры спецыяліст, таму на абы-што не пойдзе», — сказаў Мацкевіч.

Сын праваабаронцы Алеся Бяляцкага, Адам Бяляцкі, жыве ў Польшчы, куды выехаў па праграме Каліноўскага. Перад тым ён вучыўся ў мінскай Акадэміі мастацтваў. 

У сферы мастацтваў ён і спрабуе сябе рэалізоўваць.

Адам Бяляцкі.

У лідара «Гавары праўду» Андрэя Дзмітрыева трое дзяцей — старэйшы, ад першага шлюбу, паступіў у Акадэмію мастацтваў, малодшыя, ад другога шлюбу, яшчэ не пайшлі ў школу.

Малы сын Андрэя Саннікава разам з маці Ірынай Халіп, жыве ў Мінску.

Сам Саннікаў — у Варшаве, ён пакінуў Беларусь пасля таго, як яго зняволілі за арганізацыю паслявыбарчых пратэстаў у 2010.

У Віталя Рымашэўскага таксама малая дачка.

Дачка Сяргея Навумчыка разам з бацькамі жыве ў Чэхіі.

Сыну Таццяны Караткевіч 14 гадоў, ён яшчэ школьнік, вучыцца ў Мінску.

У Змітра Дашкевіча — двое малых, у Яраслава Раманчука таксама дзіцю некалькі гадоў.

Каментары228

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Трамп узяў два тыдні, каб вызначыцца адносна Ірана11

Трамп узяў два тыдні, каб вызначыцца адносна Ірана

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі прапануюць забараніць пераходзіць чыгуначныя рэйкі ў навушніках1

Студэнта з Кот д'Івуара публічна судзілі ва ўніверсітэце ў Гродне, яго вышлюць з краіны2

Дураў расказаў, што думае пра Маска, Цукерберга і Альтмана2

Шматдзетную маці, якая працавала ў банку і вяла блог, пасадзілі ў калонію і назвалі тэрарысткай6

Пуцін назваў расійскую атаку на дзевяціпавярховік у Кіеве, падчас якой загінулі 23 чалавекі, ударам па ваенным заводзе1

У Аргенціне выкрылі разведгрупу з Расіі1

Канапацкая прызналася, што гэта яна арганізавала візіт Келага ў Беларусь23

Беларусы, якія хочуць украінскі пашпарт, але не могуць адмовіцца ад грамадзянства Беларусі афіцыйна, змогуць зрабіць гэта дэкларатыўна2

Алексіевіч: Ціханоўская сімпатычная, шмат зрабіла, Латушка і Вячорка разумныя. Але няма адчування трываласці апазіцыі38

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп узяў два тыдні, каб вызначыцца адносна Ірана11

Трамп узяў два тыдні, каб вызначыцца адносна Ірана

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць