23.11.2017 / 22:19

Зніжка на ўсе кнігі: чорная пятніца ў «Галіяфах» 6

Акцыя дзейнічае ад 24 да 26 лістапада.

 

«Ніжэй 7 выданняў, якія не даюць спакою нам і нашым чытачам», — пішуць у выдавецтве «Галіяфы».

Льюіс Кэрал. «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса». Казка

Сусветна вядомая казка Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса», адзін з самых загадкавых твораў класічнай літаратуры Вялікабрытаніі, ужо другое стагоддзе вабіць як дзяцей, якім яна непасрэдна прызначалася, так і дарослых.

У гэтым выданні змешчаны пераклад казкі, выкананы Верай Бурлак. Арыгінальныя ілюстрацыі Кацярыны Дубовік суправаджаюць у падарожжы ў Залюстэркавы свет і дазваляюць адчуць сябе ўдзельнікам фантастычнай гульні — шахматнай партыі, разыгранай Льюісам Кэралам.

Томаш Самойлік. «Бортнік Ігнат і скарб пушчы». Комікс

У глыбіні старадаўняй Белавежскай пушчы бортнік Ігнат даглядае пчол, якія жывуць у борцях, як рабілі яго прадзеды. Хоць Ігнат жыве ў свеце па-за часам, бег гісторыі не запавольваецца. Над пушчай збіраюцца цёмныя хмары,а спакойнае жыццё ў згодзе са старадаўнімі звычаямі знаходзіцца пад пагрозай.

Ці ўдасца Ігнату зберагчы пушчу і легендарны скарб, схаваны ў яе глушы?

Максім Кутузаў. «Князь-ваўкалак». Фэнтэзі

Людзі звычайна думаюць, што жыццё князя прыемнае і бесклапотнае. Аднак ці яно такое на самой справе? Ці можна назваць бесклапотным жыццё, калі пагроза варожага мяча і здрадніцкага кінжала заўсёды побач? Калі нельга быць упэўненым у тым, хто з’яўляецца сябрам, а хто толькі робіць выгляд?.. Ці можна назваць прыемным жыццё, калі ты ім не валодаеш? Калі ты не можаш зрабіць ніводнага кроку без згоды тваіх дарадчыкаў? Жыццё князя можа быць і вельмі цікавым ды насычаным, калі яму пашанцавала і ён нарадзіўся ваўкалакам. У гэтым выпадку перад ім адкрываюцца зусім іншыя магчыма­сці. Галоўнае — ведаць, як імі скарыстацца…

«Міхась Зізюк. «Планктон». Аповесці, нарысы, апавяданні

У чарговай кнізе сучаснага беларускага пісьменніка Міхася Зізюка знойдуцца творы для аматараў самых розных жанраў: прыгодніцкай і містычна-фантастычнай аповесці, псіхалагічнага апавядання, вандроўна-падарожных нарысаў…

Але ўсе гэтыя творы аб’ядноўвае шчырая любоў да чалавека, прыроды, роднай зямлі. Адрасуецца шырокаму колу чытачоў.

Вікенцій Мароз. «Перажытае-незабытае». Успаміны, аповеды, краязнаўства

Кніга Вікенція Мароза «Перажытае-незабытае» — гэта не толькі экзістэнцыя асабістага жыцця чалавека з пакручастым лёсам на драматычных зломах беларускай гісторыі, але і жывы выразны адбітак складанага і трагічнага часу, які ўвабраў і жыццё пад Польшчай, і першыя Саветы, і жыццё пад акупацыяй, і вайну, якой аддадзены два з паловай гады, і пасляваенны перыяд з усімі яго калізіямі.

Валеры Гапееў. «Ноч цмока». Раман

Раман пачынаецца як класічны дэтэктыў: загадкавая смерць маладой жанчыны, сведкаў няма, слядоў таксама, сродак забойства нявызначаны. Далей высвятляецца, што забітая — лесбіянка, дачка мясцовага ведзьмака, сектантка, што нарадзіла за колькі дзён да смерці. Са звыклых дэтэктыўных рэек дзеянне збочвае ў гушчар містыкі.

Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…

Прэмія «Залаты апостраф» «За найлепшую прозу ў 2016 г.».

 

Віктар Жыбуль. «Дзяцел і дупло». Паэзія

«Дзяцел і дупло» — напэўна, самая вясёлая з выдадзеных на сёння кніг паэта-авангардыста і перформера Віктара Жыбуля.

Многія вершы, якія склалі яе, неаднойчы гучалі на паэтычна-музычных вечарынах і слэмах у адметным аўтарскім выкананні і паспелі заваяваць прыхільнасць аўдыторыі. Іронія, гратэск, «чорны» гумар, давядзенне да абсурду, гульня словаў і сэнсаў здольныя не толькі выклікаць усмешку, але нярэдка і прымусіць задумацца над рознымі праявамі нашай зменліва-зманлівай рэчаіснасці.

Выданне аздоблена фотаздымкамі з тэатральна-мастацкіх акцый і перформансаў з удзелам Віктара Жыбуля.

Сёлета кніга трапіла ў кароткі спіс прэміі імя Наталлі Арсенневай на ўзнагароду за найлепшую кнігу паэзіі. 

0
Чытач / Адказаць
23.11.2017 / 23:50
Ну, нарэшце. Тое, што чакалі.
0
Мікалай Чорны / Адказаць
24.11.2017 / 00:20
Дык дзе зніжкі? Зайшоў на сайт - нічога там няма
0
Чытач / Адказаць
24.11.2017 / 07:59
Можа зарана завіталі? :) Ёсць!
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру