Байкоту выбараў у палату прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня з боку аб’яднаных дэмакратычных сілаў ня будзе. Гэта вынікае з рашэньняў, якія прынялі ў нядзелю ўдзельнікі паседжаньня Палітрады і кандыдатаў у дэпутаты ад адзінага сьпісу Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Такім чынам, ахвотныя працягнуць барацьбу за дэпутацкае крэсла, могуць не выходзіць з выбарчай кампаніі.

Камэнтуе Віктар Івашкевіч, намесьнік старшыні Партыі БНФ: «Гэта было зьвязана з тым, што частка кандыдатаў пагрузіліся ў выбарчую кампанію. Іх аргумэнтацыя была – мы ўцягнулі людзей ў бойку, а зараз калі мы адмовімся ад гэтага, то цяжка нам будзе растлумачыць лёгіку.

Гэтыя людзі беспартыйныя падтрымлівалі выбарчую кампанію менавіта спадзеючыся, хай сабе і наіўна, што гэты рэжым можна перамагчы на гэтых выбарах. Гэта тычыцца Кобрына, Слоніма, Горадні.

Асаблівасьць ў параўнаньні з мінулымі выбарамі, што значная частка прадстаўнікоў розных фондаў і грамадзкіх арганізацый, дыпмісій Захаду чамусьці настойліва патрабуюць, каб прадстаўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў ішлі на выбары да канца

І ёсьць яшчэ кандыдаты, якім ўплывам розных партнэраў ў настойлівай форме раілі ісьці на гэтыя выбары. У тым ліку і ўсялякія дыпляматычныя работнікі розных краінаў Эўропы і ЗША настойліва рэкамэндавалі ісьці.

Я думаю, што гэта зьвязана з тым, што на ценявым нейкім узроўні, на ўзроўні МЗС Беларусі былі дадзеныя нейкія абяцаньні пра вялікія крокі дэмакратызацыі, калі будзе прызнаная палата прадстаўнікоў.

Сыходзячы з гэтых абяцаньняў напэўна заходнія дыпляматы так упарта і піхаюць апазыцыю на выбары. Прычым не тлумачачы, якія там дамоўленасьці. Скажам так, хочуць выкарыстаць у цёмную.
Я супраць такіх паводзінаў. Але ёсьць людзі, для якіх меркаваньне міжнародных структураў ёсьць вырашальным».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?