47-гадовы Саўлюс Сквярняліс — юрыст, які стаў прэм'ер-міністрам Літвы.
Даля Грыбаўскайце не зможа балатавацца на наступных прэзідэнцкіх выбарах у Літве: канстытуцыя абмяжоўвае колькасць тэрмінаў.
Хоць выбары адбудуцца толькі праз паўтара года, сацыёлагі ўжо правялі першыя апытанні папулярнасці патэнцыйных кандыдатаў. Відавочнага лідара пакуль няма.
Як паказала апытанне, праведзенае кампаніяй Spinter tyrimai, найбольшую папулярнасць маюць прэм'ер-міністр краіны Саўлюс Сквярняліс, мэр Каўнаса Вісвалдас Маціяшайціс і эканаміст Гітанас Наўседа.
Акрамя таго, у спіс трапілі дыпламат, былы амбасадар Еўрасаюза ў Расіі Вігаўдас Ушацкас, старшыня Літоўскага саюза сялян і зялёных прадпрымальнік Рамунас Карбаўскіс і дэпутатка Інгрыда Шыманіце.
Сквярняліс з Саюза сялян і зялёных папулярны сярод бяднейшых слаёў насельніцтва. Наўседу аддаюць перавагу багацейшыя і жыхары вялікіх гарадоў. Маціяшайціс здабыў папулярнасць, бо здолеў ажывіць гаспадарку і палепшыць інфраструктуру Коўна — другога па памеры горада краіны.
У Літве прэзідэнт мае меншыя паўнамоцтвы, чым у Францыі ці Расіі, але большыя, чым у парламенцкіх рэспубліках тыпу Германіі ці Латвіі. У прыватнасці, прэзідэнт вызначае замежную палітыку краіны.