Нявызначанасць, ці застанецца прэзідэнт клуба Хасэп Бартамеу (на фота злева), прымушалі Мэсі адцягваць падпісанне кантракта, фота marca.com
Форвард Ліянэль Мэсі падпісаў новы кантракт з «Барселонай». Пра гэта паведамляецца на сайце клуба.
Пагадненне разлічана да 2021 года. У новай дамове прапісаныя 700 мільёнаў еўра адступных за форварда. Такім чынам, да моманту заканчэння кантракту Мэсі правядзе 17 гадоў у складзе «Барселоны».
У кастрычніку з'явілася інфармацыя, што форвард атрымае рэкордныя 105,3 мільёна даляраў у якасці бонуса за падпісанне новага кантракту. Яго заробак складзе 658,4 тысячы даляраў у тыдзень.
Папярэдняе пагадненне аргенцінца з клубам дзейнічала да чэрвеня 2018 года. Падчас перамоваў аб яго падаўжэнні паведамлялася, што Мэсі мае намер пакінуць сіне-гранатавых.
Мэсі выступае за «Барселону» з 2004 года. Разам з камандай ён восем разоў станавіўся чэмпіёнам Іспаніі, чатыры разы — пераможцам Лігі чэмпіёнаў. Ён пяць разоў атрымліваў «Залаты мяч».