Сапёры каля дома на вуліцы Наканечнікава ў Баранавічах. Фота тут і далей: Аляксандр Кораб, intex-press.by.
Увечары 25 лістапада міліцэйскі нарад прыехаў на сямейны скандал у адну з кватэр 9-павярховага дома на вуліцы Наканечнікава ў Баранавічах. Па словах суседзяў, у кватэры 42-гадовага гараджаніна супрацоўнікі праваахоўных органаў знайшлі боепрыпасы.
Былі эвакуяваныя жыхары ўсіх трох пад'ездаў. На месца здарэння выклікалі сапёраў, МНС.
Праз 30 хвілін жыхарам двух суседніх пад'ездаў дазволілі вярнуцца дадому. У пад'езд, дзе працавалі сапёры, людзі вярнуліся пасля таго, як скончылася праверка.
Паводле інфармацыі БелТА, у ходзе агляду кватэры спецыялісты сапёрна-піратэхнічнай групы в/ч 7404 канфіскавалі корпус вучэбнай гранаты Ф-1 і запал да яе, корпус 50 мм мінамётнай міны часоў Вялікай Айчыннай вайны (усе без выбуховых рэчываў), а таксама 100 г пораху. Прызначылі экспертызу. Уладальнік боепрыпасаў затрыманы.