"Крыкуны там не патрэбныя", — так акрэсьліў Аляксандар Лукашэнка сваё бачаньне новага складу Палаты на адмысловай нарадзе 22 верасьня. Хто маецца на ўвазе пад крыкунамі — здагадайцеся з трох разоў.

Увогуле тон нарады выглядае даволі суворым. Маўляў, хоць мы і зацікаўленыя, каб выбары былі прызнаныя, але нікому не дазволім разгойдаць абстаноўку, нягледзячы на ўсю ўвагу Захаду да гэтай кампаніі.

Другая ўстаноўка: назіральнікам даваць зашмат волі таксама ня трэба.

Са спасылкай на сацыёлягаў Лукашэнка агучыў меркаваную лічбу яўкі выбарнікаў — 85%.

Вэртыкаль ўсё разумее з паўслова. Падтэкст тэзы, што мы робім выбары для сябе, такі: вы трымаеце адказ не перад Брусэлем і Вашынгтонам, а… самі ведаеце, карацей. Так што не падманвайцеся экспартным піярам пад эгідай лорда Бэла!

Афіцыйны кіраўнік перасьцярог апазыцыю ад плянаў зрабіць увечары 28-га "другі майдан". Натуральна, такія заявы скіраваныя на тое, каб задуманая апазыцыяй плошча атрымалася як мага меней люднай. Што ж да імавернасьці разгону, то тут фіфці-фіфці.

Усё ж ствараць брутальную карцінку для замежжа ўладам ня хочацца.

Так што пры малалюдным мітынгу ўсё можа абысціся спакойна, хіба што пастфактум дастануць арганізатараў дробнымі рэпрэсаліямі.

Увогуле ж афіцыйны кіраўнік маральна рыхтуе Захад да выбару між кепскім і вельмі кепскім.

Дэмакратычнымі зрухамі прапануецца лічыць меншы адсотак зразаньня кандыдатаў ды паўтор "гаваркіх галоў" па тэлебачаньні. Між тым зразаць болей не было як, бо выбары ператварыліся б у рымэйк савецкай безальтэрнатыўнасьці. А пяціхвілінкі на дзяржаўнай тэлевізіі ёсьць толькі сурагатам свабоды слова.

Ці зьядуць заходнікі пілюлю, ці прызнаюць прагрэсам, напрыклад, такі "шырокі жэст" уладаў, як улучэньне ў новую Палату двух-трох "крыкуноў"?

Ва ўсякім разе, спакуса "зьліць" беларускае пытаньне ёсьць, і немалая.

Як ёсьць і рызыка сапраўды страціць акно магчымасьцяў. Калі Захад атрасе рукі, дык тады ўжо Масква без варыянтаў возьме сваё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?