Біскупы Беларусі падтрымалі ініцыятыву каталіцкіх вернікаў увесці выхадны дзень для ўшанавання памяці памерлых. Пытанне было абмеркавана на пленарным пасяджэнні епіскапату 21 лістапада.

Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і па яе даручэнні адмысловы ліст Аляксандру Лукашэнку накіраваў старшыня епіскапату Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Пра гэта іерарх паведаміў у каментарыі Catholic.by. Паводле яго слоў, у многіх краінах свету 1 лістапада з’яўляецца выхадным днём.

«1 лістапада Каталіцкі Касцёл ва ўсім свеце адзначае ўрачыстасць Усіх Святых. У гэты дзень мы таксама наведваем могілкі, і па традыцыі ўжо вечарам гэтага дня набажэнствы цэлебруюцца ў інтэнцыі памерлых, вельмі часта — на могілках», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Іерарх дадаў, што ў шэрагу краін свету, дзе жывуць католікі і пратэстанты, 1 лістапада на дзяржаўным узроўні зроблены выхадным днём, што адпавядае касцельнай традыцыі.

«Дзень усіх памерлых мы пачынаем адзначаць 1 лістапада. Калі гэты дзень будзе вольным, ён стане добрай нагодай памаліцца не толькі ў касцёле, але і на могілках. Разам з тым гэта прывядзе да балансу з Праваслаўнай Царквой, дзе вернікі маюць выхадны дзень — Радаўніцу».

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч дадаў, што з падобнымі прапановамі звярталіся ў епіскапат Беларусі і свецкія вернікі.

«У Беларусі жыве шмат змешаных сем’яў — католікаў і праваслаўных. У такіх сем’ях гэта пытанне адчуваецца яшчэ больш востра: праваслаўны можа пайсці і памаліцца ў гэты дзень на могілкі, а ў католікаў — гэта рабочы дзень», — нагадаў Мітрапаліт.

Жыхары Гомеля збіраюць подпісы пад зваротам з прапановай зрабіць Дзяды непрацоўнымі днямі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0