Аксана Юркова, супрацоўніца Інстытута гісторыі Украіны НАН Украіны, наведала Нацыянальную бібліятэку ў Мінску — і ў яе здарыўся культурны шок. Прычыны яна апісала на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Усё здзівіла яе: і сэрвіс, і ацяпленне. Дзелімся назіраннямі замежніцы.

У Мінску занесла мяне ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі на экскурсію. Дзве гадзіны сноўдаліся па бібліятэцы амаль з адкрытым ротам. Адразу запытаюся, ці ведае шаноўнае грамадства, што ў бібліятэцы:

— у нядзелю днём можа быць шмат людзей (перадаю па складах: шмаат! У ня-дзе-лю!)

— на кожным чытацкім стале стаіць лямпа, а каля стала ёсць разеткі для падлучэння лэптопаў,

— крэслы для чытачоў мяккія і зручныя,

— у лістападзе можа быць цяпло (калі хто закрычыць «не веру!», я адкажу: можа!)

— на экскурсію па бібліятэцы з экскурсаводам (платнай) можна не трапіць, таму што, хоць экскурсій і шмат (да 10 у дзень), групы перагружаны,

— можна самому пайсці на экскурсію па бібліятэцы, заплаціўшы 1 беларускі рубель,

— ёсць дзіцячы пакой, дзе за 4 бел. рублі за гадзіну дзіця можна пакінуць на аніматара, а самому папрацаваць у бібліятэцы,

— можна праводзіць дні народзінаў для дзяцей — дзяцей спачатку забаўляюць у дзіцячым пакоі, потым паказваюць бібліятэку (паслуга платная, паколькі чытальныя залы аддзеленыя ад калідораў і цэнтральных залаў гуканепранікальным шклом, дзеці, калі і бегаюць, нікому не перашкаджаюць),

— прыбіральні на кожным паверсе, а ў туалетах ёсць туалетная папера, ёсць асобны пакой для курэння,

— ёсць утульныя кавярня і буфет, якія працуюць на двух паверхах з трох практычна да канца працоўнага дня, а вось паху сталовай няма,

— ёсць куча закануркаў з канапамі, дзе можна адпачыць, пагаварыць,

— за асобную плату (5 бел. рублёў) можна трапіць на выставу музея кнігі (пакуль міжнародная выстава «Францыск Скарына і яго эпоха») і бясплатна яшчэ на некалькі выстаў (акрамя бясплатнай задавальненне ад мастацкага афармлення самой бібліятэкі),

— ёсць спецыяльныя залы для навукоўцаў і — асобна — дактароў навук (апошняя зала моцна павышае самаацэнку), там недзе 20 месцаў; у нядзелю а 15-й і ў «доктарскай зале» працавала двое навукоўцаў, у «навуковай зале» — больш за дзесяць),

— ці не ў кожнай зале ёсць сучасныя сканеры, дзе работнікі скануюць (або ксеракапіруюць) тэксты (паслуга платная),

— фатаграфаваць у бібліятэцы можна бясплатна,

— ёсць спецыяльны кіёск з сувенірнай прадукцыяй, працамі бібліятэкі; у кіёску, сярод іншага, прадаюць сумкі з лагатыпамі бібліятэкі,

— гэтыя зялёныя кошыкі ў чытачоў — гэта не таму, што людзі з супермаркета выйшлі: у кошыках носяць кнігі (ад месца выдачы ў чытальныя залы) і асабістыя рэчы.

Карацей, па ўзроўні камфорту і клопату пра чытачоў наша «Вернадка» [Нацыянальная бібліятэка Украіны — НН] прайграе НББ усухую.

*Другі дзень ціхенька плачу ў кутку.

** Угу, пра «заходнія бібліятэкі» прашу не распавядаць, якое-ніякое ўяўленне пра іх я маю. Гаворка ідзе пра бібліятэку постсавецкай краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0