Навіна аб тым, што жонка ўкраінскага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі Марына нячыстая на руку зьявілася на сайце выданьня Luxembourg Herald, 14 лістапада 2017 году. «Жонка ўкраінскага прэзыдэнта, магчыма, замяшаная ў крадзяжы грошай, прызначаных для дзяцей-інвалідаў», — напісала яно.

Навіна хутка распаўсюдзілася ў расейскім сэгмэнце інтэрнэту. Прычым ужо бяз слова «магчыма», а як дакладная інфармацыя.

Між тым, як піша Радыё «Свабода», простая праверка выклікае сумневы адносна праўдзівасьці навіны. Сайт Luxembourg Herald быў створаны толькі ў 2016 годзе, што дзіўна для сапраўды аўтарытэтнага выданьня. Асноўны адрас пошты рэдакцыі — бясплатная пошта Gmail.

Іншыя крыніцы іх абвінавачваньні на адрас Марыны Парашэнкі не пацьвярджаюць, а само выданьне ігнаруе просьбы даць доказы гісторыі з жонкай прэзыдэнта Ўкраіны.

За ўвесь час існаваньня Luxembourg Herald ня выдала ніводнага гучнага расьсьледаваньня. Сярод галоўных навінаў на сайце цяпер — артыкул «Люксэмбург зрабіўся прадстаўніцтвам беларускай бізнэс-ініцыятывы».

У артыкуле пішацца пра беларуска-эўрапейскі эканамічны форум з удзелам прэм’ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова, які нібыта прайшоў на гэтым тыдні, хоць насамрэч ён адбыўся яшчэ ў канцы кастрычніка.

Але загалоўкі пра жонку Парашэнкі без сумневаў зьявіліся на фэдэральных расейскіх СМІ:

«Першая лэдзі Украіны зьвязаная з адмываньнем сродкаў празь міжнародныя гуманітарныя фонды», — паведаміла 18 лістапада тэлепраграма «Весці».

«Гаворка ідзе пра сотні мільёнаў долараў», — дадаў у той жа дзень тэлеканал «Царьград ТВ».

«Марына Парашэнка асабіста кантралявала гэтую дзейнасьць і актыўна ўдзельнічала ў рэклямным прасоўваньні «фондаў-аднадзёнак», — далучыўсяда выкрываньня лібэральны тэлеканал «Дождь» на наступны дзень, 19 лістапада.

«Схема крадзяжу была немудрагелістая: дабрачынцам падаваліся ліпавыя фінансавыя справаздачы», — паведаміў канал ТВЦ.

Да тэмы «ва ўладзе ва Украіне злодзеі» хутка далучыліся і сацсеткі. «Семейка клиптоманов», — таўруюць мужа і жонку Парашэнка карыстальнікі ВКонтакте (арфаграфія аўтарская).

На сайце тэлеканалу «Дождь» артыкул пра Марыну Парашэнку, нягледзячы на гнеўныя камэнтары карыстальнікаў, правісеў больш за суткі, і толькі потым быў зьняты — без тлумачэньня. Але ў астатніх расейскіх выданьнях навіна ўсё яшчэ даступная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?