Раніцай 28 лістапада пасля працяглай хваробы памерла Ада Сямёнаўна Вярцінская — выкладчыца, заслужаны педагог Рэспублікі Беларусь, паведамляе прэс-служба Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Ада Сямёнаўна — жонка пісьменніка Анатоля Вярцінскага. Яны былі разам ад 1960 года.

У інтэрв'ю «Народнай волі» Анатоль Вярцінскі казаў: «З самага пачатку нашага сямейнага жыцця мне часам нават няёмка бывала, што жонка робіць усё па доме. У гэтым плане я прыхільнік гендарнай роўнасці. Але мне падаецца, што я мог бы рабіць. У мяне было занадта шмат так званай грамадскай працы. Я быў не толькі паэтам, але і сакратаром Саюза пісьменнікаў, галоўным рэдактарам, дэпутатам. Натуральна, часта былі паездкі, сустрэчы, імпрэзы, застоллі… Мне ўзгадваецца, як я часам вяртаўся познім вечарам альбо ноччу дахаты, садзіўся на лавачку ля пад’езда, падымаў позірк на вокны сваёй кватэры і… 

у мяне было такое адчуванне, што я недаравальна далёка адышоў ад жыцця за гэтымі вокнамі… Вось па гэтай прычыне і лічу, што недадаў штосьці жонцы.

З другога боку, для шчаслівага, гарманічнага, суладнага жыцця важная яшчэ такая рэч, як характар і псіхалагічная сумяшчальнасць. А характары людзі самі не набываюць — атрымліваюць ад бацькоў. І мой характар, прызнацца, мог быць лепшым — больш спакойным. Я маю схільнасць да эмацыйных выбухаў, запальчывасці, магу не зусім адэкватна адрэагаваць на нейкую элементарную бытавую дробязь»

«Наша вяселле было даволі сціплае, адбылося ў Віцебску, адкуль Ада родам. Сабралі бацькоў, радню, у асноўным вясковых людзей. За тым часам вяселлі не ладзіліся як шоу…», — згадваў сп. Анатоль.

Ада і Анатоль Вярцінскія з сынам Яўгенам. 1960 год

Ада і Анатоль Вярцінскія з сынам Яўгенам. 1960 год

У Вярцінскіх — трое дзяцей: сын — кардыёлаг, да таго ж ён яшчэ спецыяліст па ультрагукавым даследаванні. Адна дачка скончыла факультэт радыёфізікі і электронікі, другая вывучала інфарматыку і праграмаванне. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0