Пазалетась ў Беларусі адбылося 18 дзіцячых суіцыдаў, а летась — ужо 29. Вольга Літвінава, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Мінскага гарадскога клінічнага дзіцячага псіхіятрычнага дыспансэра, распавяла дэпутатам парламента аб псіхічным здароўі дзяцей і падлеткаў, паведамляе Тut.by.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

«На жаль, 2016 год паказаў нам большую колькасць суіцыдаў сярод непаўналетніх, чым 2015 год. 2015 год — гэта 18 выпадкаў сыходу з жыцця непаўналетніх, 2016 год — 29 выпадкаў. Для нас, спецыялістаў, гэта сігнал да таго, што трэба нешта рабіць у гэтым кірунку, і мы не сядзім на месцы», — сказала псіхіятр.

Усяго за апошнія пяць гадоў у Беларусі добраахвотна сышлі з жыцця 124 дзіцяці.

«Толькі восем з іх былі ў полі зроку лекара-псіхіятра, — патлумачыла Вольга Літвінава. — Астатнія дзеці не звярталіся па дапамогу да спецыялістаў».

Паводле яе даных, у гэтай сумнай статыстыцы на адну дзяўчынку прыходзіцца 2,5 хлопчыка. Ўзрост — у асноўным, 15-17 гадоў. Парасуіцыды (спробы самагубства, якія не сканчаюцца смерцю), у асноўным, здзяйсняюць дзяўчынкі. У мінулым годзе спецыялісты зафіксавалі 244 спробы суіцыду сярод непаўналетніх.

«Мы вельмі акуратна ставімся да гэтай лічбы, гэта тыя дзеці, якіх мы змаглі выявіць і з якімі тут жа пачалі працаваць. Як на стацыянарным этапе, так і ў далейшым, калі яны сыходзяць на амбулаторны этап», — патлумачыла лекарка.

95% тых, якія пайшлі з жыцця, і тых што засталіся ў жывых, не звярталіся да псіхіятраў.

«Гэта зняпраўджвае адзін з міфаў, які, на жаль, існуе ў нас — што ўсе, хто сыходзіць з жыцця ці здзяйсняе спробу, абавязкова псіхічна хворыя людзі. Дык вось не, яны не ўсе псіхічна хворыя людзі. Больш магу сказаць: сярод прычын дзіцячых суіцыдаў дэпрэсіі і рэактыўныя дэпрэсіўныя станы складаюць вельмі маленькую частку. Прычына, па якой дзеці спрабуюць сысці з жыцця, — гэта парушаныя сямейныя адносіны», — лічыць Вольга Літвінава.

70% дзяцей, якія былі апытаныя ўжо пасля суіцыдальнай спробы, кажуць пра тое, што ў іх няма даверных адносін у сям'і, і яны не могуць звярнуцца па дапамогу да сваіх бацькоў.

Паводле словаў намесніка галоўнага ўрача, у апошні год была актуальнай і праблема дэструктыўных гульняў у інтэрнэце. Аднак яна лічыць, што суіцыданебяспечная гульня — гэта свайго роду трыгер, але гэта не прычына сыходу з жыцця.

«Мы разумеем, што мы за адзін раз не адукуем ўсіх бацькоў, але мы павінны падказаць дзіцяці, куды яно можа прыйсці па дапамогу. Мы здымаем міф з пытанняў псіхіятрыі, стыгматызацыі псіхічна хворых, каб дзеці не баяліся да нас ісці. Часцяком дзіця прыходзіць першым і ўжо за сабой вядзе бацькоў», — сказала Вольга Літвінава.

 Кругласуткавы тэлефон даверу для дзяцей і падлеткаў +375 17 263-03-03. Гутарка ананімная і канфідэнцыйная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?