Міністэрства інфармацыі вынесла пісьмовае папярэджанне юрыдычнай асобе, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі газеты «Борисовские новости», уладальніку інфармацыйнага рэсурса Borisovnews.by — ПВУП «Букас медиа-центр» — за парушэнне арт. 38 закона «Аб СМІ» («Інфармацыя, распаўсюд якой у сродках масавай інфармацыі забаронены»), паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Мінінфарм лічыць, што рэдакцыя газеты парушыла палажэнні арт. 8 закона «Аб масавых мерапрыемствах», размясціўшы ў артыкуле «Рассерженные люди выйдут на площадь» (№ 40 (1324) ад 4 кастрычніка 2017 г.) інфармацыю наступнага зместу:

«Відэаролік заканчваецца заклікам паўдзельнічаць у чарговым Маршы раззлаваных беларусаў 2.0, які плануюць правесці лідары Беларускага нацыянальнага кангрэса 21 кастрычніка ў 14 гадзін на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску».

Гэтая ж норма закона «Аб масавых мерапрыемствах», на думку Мінінфарма, была парушаная размяшчэннем на інтэрнет-рэсурсе borisovnews.by 25 жніўня 2017 г. у артыкуле «Военные РФ прибыли в Печи» інфармацыі наступнага зместу: «…Таму былы палітзняволены Мікалай Статкевіч, адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Канграса, заклікае ўсіх неабыякавых грамадзян сабрацца 8 верасня ў 19 гадзін у Мінску на Кастрычніцкай плошчы і правесці Акцыю папярэджання з патрабаваннем адмены вучэнняў «Захад-2017».

Як вынікае з тэксту папярэджання, Міністэрства інфармацыі дзейнічала з улікам пазіцыі Міністэрства ўнутраных спраў.

Міністр Аляксандр Карлюкевіч запатрабаваў выдаліць указаныя парушэнні цягам васьмі дзён, пра што паведаміць Мінінфармацыі.

28 лістапада галоўны рэдактар газеты «Борисовские новости» Анатоль Букас быў выкліканы ў РУУС Барысаўскага раёна для правядзення працэсуальных дзеянняў па справе аб адміністратыўным правапарушэнні, звязанай з вынесеным Мінінфармам пісьмовым папярэджаннем. Суд адбудзецца бліжэйшым часам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0