Дагледжаныя вінаграднікі, спрэс навабуды, дарагія іншамаркі… Такой паўстала Малдавія перад нашай здымачнай групай.

Паводле афіцыйных зьвестак, у 1990‑х гг. Малдавія ўваходзіла ў лік самых бедных краінаў Эўропы.

Менавіта таму вялізная частка працаздольнага насельніцтва краіны, у якой усяго жыве каля 3,5 млн чалавек, памкнулася на заробкі ў суседнюю Румынію, Расею, Італію, Партугалію і некаторыя іншыя краіны.

Працэс набыў такія маштабы, што кагадзе Эўразьвяз выказаў занепакоенасьць, маўляў Малдавія надта залежыць ад грашовых пераказаў, якія высылаюць з‑за мяжы дахаты гастарбайтэры.

Зьехаць, але вярнуцца!

Тое, што мы пабачылі ў вёсцы Раковец на поўначы Малдавіі, пацьвердзіла маштаб гэтай самай залежнасьці.

Вялікія дамы з калёнамі, агромністыя фруктовыя сады і азёры, адмыслова выкапаныя для арашэньня гэтых садоў, Палац шлюбаў — усё гэта было пабудавана і пасаджана на грошы гастарбайтэраў.

Са словаў старасты Ёна Чабатару, блізка траціна жыхароў вёскі зьехала на заробкі.

Некаторыя, па прашэсьці колькіх гадоў за мяжой, вярнуліся і самі спарадкавалі свае капіталы, іншыя працягваюць прысылаць грошы жанкам, дзецям і бацьком, якія разьмяркоўваюць іх на свой одум.

На гэтыя самыя так званыя гастарбайтэрскія грошы ў сёлах рамантуюць дарогі і купляюць сельскагаспадарчую тэхніку.

Безумоўна, мы таксама траплялі на вёскі зь лядашчымі хатамі і разбуранымі студнямі. Але іх было небагата і, як нам патлумачылі, хутчэй за ўсё, у гэтых вёсках не жывуць гастарбайтэры. Альбо працоўныя мігранты папросту сюды не вярнуліся.

Дарэчы, гэта вельмі цікавы факт. У адрозьненьне ад 1990‑х гг., калі людзі імкнуліся зьехаць з Малдавіі (і зь іншых краінаў СНД) назаўсёды, сёньня ў малдаван цалкам іншыя мэты.

Яны ня хочуць жыць за мяжой.

Зарабіўшы грошы, хай нават і цягам доўгіх гадоў, асноўная маса гастарбайтэраў вяртаецца дахаты.

Праяжджаючы паўз прыгожыя і дыхтоўныя дамы і акуратныя дагледжаныя надзелы, мы пыталі сябе: дык, можа, працоўная міграцыя — гэта добра?

«Краіна — забаўляльны цэнтар»

Паводле афіцыйных дадзеных, грошы, якія прысылаюцца з‑за мяжы кожны год, агулам складаюць каля трох бюджэтаў краіны.

Паводле зьвестак міжнароднай кампаніі Western Union, якая займаецца грашовымі пераказамі, Малдавія ўваходзіць у першую пяцёрку краінаў, у якія перасылаецца найбольшая колькасьць пераказаў.

Паводле інфармацыі Нацыянальнага бюро статыстыкі Рэспублікі Малдова за 2004 год, калі ладзіўся апошні перапіс насельніцтва, на заробках за мяжой знаходзілася блізка 80% насельнікаў краіны.

Увогуле, малдаўскія ўлады лічаць, што гастарбайтэры робяць для краіны вялікую карысьць.

Аднак незалежны экспэрт, эканаміст Віярэл Чыябатару лічыць працоўную міграцыю ў падобных маштабах згубнай для Малдавіі.

З эканамічнага гледзішча гэта жахлівае зьявішча, бо яно зьнішчае нацыянальную эканоміку. Вядзе да адміраньня (прамысловай) вытворчасьці і да росквіту выключна камэрцыйных забаўляльных галінаў. З вытворчай базы краіна пераўтвараецца ў забаўляльны цэнтар», — кажа Віярэл Чыябатару.

Між тым многія шараговыя малдаване лічаць, што адміраньне вытворчасьці — гэта не наступства працоўнай міграцыі, а яе першапрычына.

Зь іх жа словаў, з тае пары, як паміж Малдавіяй і Прыднястроўем паўсталі праблемы, вытворчасьць у краіне прыйшла ў заняпад, бо шмат якія галіны апынуліся на левым беразе Днястра.

Для мноства гарадзкіх жыхароў магчымасьць працаваць за мяжой сталася адзіным спосабам стачыць канцы.

Вёска яшчэ магла сябе пракарміць, але, як сказала нам былая працоўная мігрантка, заплаціць памідорамі за лячэньне дзяцей ці праезд у аўтобусе было, натуральна, немагчыма.

Куды падзецца?

І пацягнуліся гастарбайтэры з гораду і вёсак па многіх напрамках.

Гарадзкія, асабліва з тэхнічнай адукацыяй, імкнуліся і імкнуцца трапіць у Расею.

Добрая расейская мова і прызнаныя ў Расеі дыплёмы дазваляюць ім спадзявацца, што ўсё‑ткі не давядзецца гнуць сьпіны, скажам, на ўборцы ўраджаю.

У Кішынёве мы пазнаёміліся зь Сьвятланай Авэдэній, якая прыехала дахаты літаральна на пару тыдняў. Увесь асноўны час яна жыве ў Маскве і працуе нянькай у адным заможным доме.

Сьвятлана зьехала ў Маскву сьледам за мужам. Аднак, жывучы ў адным горадзе, муж і жонка бачацца сама болей два разы ў месяц.

Ён абслугоўвае ліфты ў адной з маскоўскіх бальніц, ж

ыве ў каморцы недзе на гарышчы і, са словаў Сьвятланы, працуе па 20 гадзінаў у суткі без выходных. Затое — па спэцыяльнасьці.

«Каб жа вы ведалі, як я стамілася прыслужваць. Я прыслужваю ўжо гадоў 10. Вельмі хочацца пажыць для сябе. Мяркую, яшчэ гадоў 5—7, і мы з мужам зможам вярнуцца сюды. Я мару правесьці рэшту жыцьця ў сябе на лецішчы, але яно яшчэ не дабудаванае. Таму трэба вяртацца ў Маскву і працаваць», — кажа Сьвятлана.

Большасьць вясковых жыхароў, для якіх малдаўская мова родная, зьехалі ў Італію, Румынію і Партугалію.

Блізкасьць моваў раманскай групы значна спрасьціла ім пэрыяд адаптацыі на новым месцы.

І трэцяя катэгорыя гастарбайтэраў скіравалася ў Грэцыю і Турэччыну. Працэдура атрыманьня дакумэнтаў на ўезд у гэтыя краіны аказалася самай лёгкай.

Трагедыі і бядоты

Паводле некаторых зьвестак, у Малдавіі ўжо цэлае пакаленьне вырасла без бацькоў

Зьяжджаючы на заробкі, бацькі пакідаюць дзяцей з бабулямі і дзядулямі і кожны месяць спраўна высылаюць грошы на іх утрыманьне.

Некаторым дзецям нават шчасьціць бачыць бацькоў раз на год, калі тыя прыяжджаюць на адпачынак ці абнавіць візы.

Такое становішча шмат хто называе сацыяльнай трагедыяй. Аднак гэта нішто насупраця тых трагедый, пра якія нам распавялі ў вёсцы Паграбень Аргееўскага раёну Малдавіі.

Дочкі‑маці

Маці 9‑гадовай Магдалены зьехала на заробкі ў Турэччыну, пакінуўшы дачку з бабуляй і дзядулем.

Нейкі час грошы ад мамы прыходзілі, але потым дзіцяці і старым давялося перабівацца толькі пэнсіяй. Званкі з Турэччыны сталі гучаць усё радзей.

Два гады таму бабуля Магдалены памерла, і дзядуля вырашыў аддаць дзяўчынку ў дом дзіцяці, матывуючы гэта тым, што ў яго няма ні сілаў, ні грошай на выхаваньне ўнучкі.

Магдалене пашанцавала. Аднойчы, выпадкова ўбачыўшы сумную дзяўчынку на дзіцячай пляцоўцы, жыхарка суседняй вёскі Тацяна Скуцельнік паабяцала вярнуцца па яе.

«У мяне самой чацьвёра дзяцей. Але ведаеце, як кажуць малдаване: дадай у кацёл лішні апалонік вады, і атрымаецца яшчэ адна талерка супу. Я сказала мужу і дзецям, што хачу ўзяць дзяўчынку, і ніхто не пярэчыў», — распавяла Тацяна.

Лік кінутых гастарбайтэрамі‑невяртанцамі дзяцей у Малдавіі за апошні час вырас.
У сувязі з гэтым дзяржава распрацавала адмысловую праграму, якая, калі казаць спрошчана, выглядае так: вы берацё на выхаваньне беспрытульных дзяцей, а мы вам за гэта плацім.

Некаторыя суседзі Тацяны палічылі, што менавіта карысьлівасьць вымусіла яе прывесьці Магдалену да сябе.

«Хай кажуць, што хочуць. Гэта сьмешна. За дзяўчынку мне даюць 200 лей на месяц, а сумка для школы, напрыклад, каштуе 80 лей. Пра якую карысьлівасьць гаворка?» — тлумачыць Тацяна.

Сапраўдная мама Магдалены ў Турэччыне нарадзіла яшчэ двох дзяцей, і яе новы муж ня хоча выхоўваць чужое для яго дзіця.

Зрэшты і сама Магдалена нікуды не імкнецца. Маці яна ня памятае. Калі тая зьехала, дзяўчынцы было ўсяго паўгоду.

Для дзяцей працоўных мігрантаў, якім пашанцавала менш, чым Магдалене, у вёсцы Дрокія быў адкрыты спэцыяльны прытулак. Аднак кагадзе яго распусьцілі празь нястачу фінансаваньня.

На пытаньне, дзе ж цяпер гэтыя дзеці, нам нічога ўцямнага не адказалі.

Страчанае пакаленьне

Як мяркуе эканаміст Віярэл Чыябатару, ня варта думаць, што няшчасныя толькі маленькія дзеці, чые бацькі працуюць за межамі краіны.

Больш самастойныя падлеткі, якія, уласна, ужо ня маюць патрэбы ў апякунстве, таксама няшчасныя. Але інакш.

«Цэлае пакаленьне ўжо вырасла зь перакананьнем, што жыць — гэта значыць спажываць, а не вырабляць, — кажа Віярэл. — Яны заўсёды маюць грошы, 200—300 эўра, што прыходзяць ад бацькоў штомесяц. Гэта неблагая сума для Малдавіі. Навошта ім яшчэ вучыцца ці працаваць?»

Як кажа экспэрт, менавіта з гэтай прычыны у краіне рэзка вырасла колькасьць аўтамабільных аварый.

Падлеткі «купляюць» правы, машыны і ў адсутнасьць якога‑кольвек бацькоўскага кантролю бяруць адно аднаго «на слабо».

«Гэта — страчанае пакаленьне», — падсумаваў Віярэл Чыябатару.

Нам такога ня трэба!

Ёсьць меркаваньне, нібыта перабываньне малдаван у Эўропе спрыяе імкненьню малдаўскага ўраду як хутчэй інтэгравацца ў ЭС.

Маўляў, малдаване вучацца эўрапейскіх умоваў жыцьця і правілаў паводзінаў, а эўрапейцы, у сваю чаргу, прывыкаюць да прысутнасьці малдаван вакол сябе.

«Шчыра кажучы, хай бы такога прывыканьня не было», — мяркуе Віярэл Чыябатару.

Як ён кажа, Эўропа сапраўды прывыкае, але толькі да таго, што малдаване выконваюць усю чорную працу за мізэрныя грошы.

«Якая розьніца, што яны там пра мяне думаюць», — сказаў жыхар вёскі Раковец Георгі, які шмат гадоў працуе ў Грэцыі.

«Малдаваніну што важна? — дадаў ён. — Пабудаваць дом, нарадзіць дзяцей і каб у склепе заўсёды было віно. Вось таму я зараз трохі адпачну і паеду зарабляць на ўсё гэта грошы».

Паводле Бі-Бі-Сі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0