Генерал баснійскіх харватаў Слабадан Праляк падчас разгляду яго апеляцыі ў Міжнародным трыбунале па былой Югаславіі выпіў нешта з ёмістасці, у якой, паводле яго слоў, знаходзілася атрута. Як пазней паведаміла харвацкае тэлебачанне — генерал памёр, нягледзячы на неадкладную медычную дапамогу.

Гаагскі суд разглядаў апеляцыю Праляка і яшчэ пяці баснійскіх харватаў на прысуд, вынесены ім у 2013 годзе. Праляка тады прызналі вінаватым ў ваенных злачынствах супраць баснійскіх мусульман і прысудзілі да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Пачуўшы, што прысуд застаецца ў сіле, Праляк устаў і паднёс руку да рота, адкінуўшы галаву назад. Выглядала гэта так, быццам генерал выпіў з невялікага келіха нейкую вадкасць.

Пасля гэтага ён сказаў суддзі: «Я прыняў атруту». Адвакат Праляка таксама заявіла, што гэта была атрута.

Суддзя неадкладна абвясціў, што пасяджэнне прыпынена. Праляку былі выкліканыя медыкі. 

Раней трыбунал зацвердзіў прысуд лідару баснійскіх харватаў Ядранку Прлічу — чатыры гады таму яму далі 25 гадоў.

Прліч і Праляк уваходзілі ў кіраўніцтва непрызнанай рэспублікі Герцаг-Босна, якая ўтварылася ў 1991 годзе ў выніку распаду Югаславіі і баснійскай вайны.

У 2004 годзе Праляку і яшчэ пяці генералам былі прад'яўленыя абвінавачванні ва ўдзеле ў катаваннях і масавых забойствах мусульман у Босніі ў 1993 годзе, яны добраахвотна здаліся Міжнароднаму крымінальнаму трыбуналу па былой Югаславіі ў Гаазе.

Да вайны Праляк быў галоўным рэжысёрам тэатраў у Заграбе і Осіеку. За час вайны ён даслужыўся да генерал-лейтэнанта і сябра Рады абароны Харватыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?