У следчы ізалятар Жодзіна перавялі ў суботу 11 супрацоўнікаў фірмы‑імпарцёра соку «Садочок». Дагэтуль яны знаходзіліся ў мінскім следчым ізалятары.

Нагадаем, супрацоўнікі фірмы «Владпродимпорт» (9 рэгіянальных прадстаўнікоў, дырэктар і намеснік) былі затрыманыя ў жніўні па падазрэнні ў датычнасці да выбуху ў Мінску 4 ліпеня.

Без прад’яўлення абвінавачвання і іншых следчых дзеянняў арыштаваныя знаходзіліся за кратамі 10 дзён. 28 жніўня ім прад’явілі абвінавачванне. Але ўжо ва ўкрыцці даходаў і няплаце падаткаў.

Сваякі затрыманых напісалі ліст на імя кіраўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта і Рады бяспекі з просьбай разабрацца ў сітуацыі.

Адказы ўжо прыйшлі. Вось што паведаміў Еўрарадыё бацька арыштаванага рэгіянальнага прадстаўніка фірмы ў Баранавічах Віктар Дранюк:

«Яны «адпісаліся». Адміністрацыя прэзідэнта адправіла заяву ў міліцэйскае ведамства г. зн. тым, на каго скардзімся. Ну а Саўбез адправіў ліст у пракуратуру, а Генпракуратура адправіла ў Мінскую гарадскую пракуратуру. І пакуль канчатковага адказу ніхто нам не даў».

Тым часам, паводле Віктара Дранюка, у справе «Садочка» выявілася раней невядомая дэталь:

«Ёсць яшчэ адна падобная фірма ў Беларусі, якая пастаўляе такія ж сокі.
Я пакуль яе не буду называць, але ведаю яе назву. І якраз тая фірма, пра якую я гавару, пастаўляла іх кантрабандай, гандлявала па «чорным» за наяўныя».

Гэтую другую фірму праваахоўныя органы чамусьці не чапаюць, хоць усё і ведаюць, падкрэслівае Дранюк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?