Cправа «Белага легіёну» спыненая. Пра гэта паведаміў старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч. Раней ведамства абяцала, што рашэньне будзе прынятае да канца восені. «Апошні дзень» быў якраз 30 лістапада. Былыя фігуранты справы расказалі Радыё Свабода, ці чакалі такога разьвіцьця падзей, і як паставіліся да навіны.

Міраслаў Лазоўскі: «Чаму закрылі? Падстаў не было»

— Натуральна, гэта поўная нечаканасьць. Усё, што я ведаю, гэта паведамленьні ў інтэрнэце, са СМІ. Тэлефанаваў у СК, там сказалі, што паперы мне накіравалі. Але я яшчэ не атрымліваў нічога… Я спадзяваўся на лепшае, рыхтаваўся да горшага. Былі спадзяваньні, што ўсё скончыцца добра. Але ніякай пэўнасьці. Ніякай інфармацыі мы не атрымлівалі

Чаму закрылі? Па-першае, падстаў не было. Ніякага ўзброенага фармаваньня не было. Па-другое, я думаю, сваю справу адыграў шырокі грамадзкі розгалас. Хваля салідарнасьці, паднятая Нінай Шыдлоўскай і іншымі людзьмі. Толькі дзякуючы гэтаму. Без грамадзкай увагі ўсё магло б скончыцца нашмат горш.

Андрэй Дундукоў: «Была выкарыстаная мэтадычка 1996 году»

— Не чакаў я гэтага. Ад вас даведаўся аб закрыцьці справы. Я ведаю, у якой краіне жыву. Тут і за меншыя недарэчнасьці могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці… Я думаў, што будзе суд, умоўныя тэрміны, магчыма. Нешта такое самае мінімальнае. Найбольшае, на што я разьлічваў, гэта хаця б каб узялі ў залік той час, які мы ўжо адседзелі

У мяне шмат вэрсій, чаму так адбылося. Самая простая зь іх — была выкарыстаная мэтадычка 1996 году. А іншыя не ведаю, ці магу зараз агучыць.

Андрэй Комлік-Ямацін: «З адвакатам вырашым, ці буду падаваць на кампэнсацыю»

— Справу закрылі? Я яшчэ не ведаю аб гэтым нічога. Дзякуй, што паведамілі. Добрая навіна. Тое, што яе закрылі, гэта заканамерна. Уладам трэба было нейкую страшылку стварыць, як я разумею. Я спадзяваўся, што справу закрыюць. Ёй не было на чым трымацца. Зараз для мяне галоўнае забраць свае рэчы. Там кампутар застаўся, працоўная інфармацыя. Яна вельмі патрэбная для рамеснай дзейнасьці. З адвакатам вырашым, ці буду падаваць на кампэнсацыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0