«У апошні год яго здароўе моцна пахіснулася. Але не было дня, каб Іван Пятровіч Макаловіч не завітаў у рэдакцыю. Незаўважна заходзіў у вялікую залу, дзе месцяцца амаль усе супрацоўнікі, і гэтак жа незаўважна працаваў, прапаноўваючы самыя розныя матэрыялы.

Іван Макаловіч

Іван Макаловіч

Яго багаты жыццёвы вопыт дазваляў нестандартна глядзець на самыя розныя падзеі, глыбока аналізаваць факты, заўважаць тое, чым трэба даражыць кожны дзень. Яго шлях — ад шараговага калгасніка, ад салдата, ад студэнта да кіраўніка высокага ўзроўню. Пасля ўніверсітэта працаваў у абласной газеце «Мінская праўда», затым у «Звяздзе», дзе быў загадчыкам аддзела, намеснікам рэдактара і галоўным рэдактарам. Быў час, калі ён кіраваў Дзяржаўным камітэтам БССР па друку.

Іван Пятровіч Макаловіч усёй душой успрыняў Незалежнасць Беларусі, ён не толькі марыў пра росквіт краіны, адраджэнне яе самабытнай культуры, гісторыі, але і шмат зрабіў для гэтага, працуючы з 1990 года спачатку намеснікам рэдактара ў парламенцкай «Народнай газеце», а затым, з 1995 года, намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Народная Воля».

Здаецца, толькі ўчора Іван Пятровіч патэлефанаваў з дому і ціхім голасам, без скаргі на здароўе сказаў: «Беражыце «Народную Волю»!» Мы, супрацоўнікі рэдакцыі, зразумелі гэтыя яго словы як запавет.

Што ж, Іван Пятровіч, Вам вялікі дзякуй за самаадданую працу на карысць Айчыны, на карысць «Народнай Волі»! Будзем заўжды помніць Вашу шчырасць, Вашу дабрыню і будзем усё рабіць для таго, каб зберагчы «Народную Волю».

Няхай стане пухам для Вас родная зямля!»

Калектыў рэдакцыі газеты «Народная Воля».

Рэдакцыя «Нашай Нівы» далучаецца да спачуванняў родным і блізкім спадара Івана Макаловіча (1940—2017).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0