Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) прызнаў вінаватымі ў парушэнні антыдопінгавых правілаў трох расійскіх спартсменак. У іх увайшла біятланістка Вольга Зайцава.

Valery Sharifulin/ZUMAPRESS.com

Valery Sharifulin/ZUMAPRESS.com

МАК пажыццёва дыскваліфікаваў біятланістку Вольгу Зайцаву, а таксама лыжніц Анастасію Дацэнка і Юлію Чакалеву. Яны прызнаныя вінаватымі ў маніпуляцыямі з допінг-пробамі на Алімпіядзе ў Сочы. Іх вынікі на Алімпіядзе ануляваныя. Пра гэта паведамляе прэс-служба МАК.

З гэтых спартсменак толькі Вольга Зайцава выйграла ў Сочы медаль — яна стала другой у складзе зборнай Расіі ў эстафеце. Гэты медаль МАК ужо адабраў у зборнай Расіі раней, калі прызнаў вінаватымі ў допінгавых парушэннях іншых удзельніц эстафеты, Вольгу Вілухіну і Яну Раманаву.

Расія апусцілася на трэцяе месца ў агульнакамандным медальным заліку. У Сочы зборная выйграла 33 медалі, цяпер гэта колькасць зменшылася да 22 (10 залатых, 5 сярэбраных і 7 бронзавых). Лідарства захапілі нарвежцы. У іх 29 узнагарод (11 залатых, 7 сярэбраных і 11 бронзавых). Другімі сталі канадцы — 25 медалёў (10 залатых, 10 срэбраных і 5 бронзавых).

МАК прымае рашэнне на падставе вынікаў працы камісіі пад кіраўніцтвам Дэніса Освальда. Гэтая камісія займаецца расследаваннем маніпуляцый з допінг-пробамі падчас Алімпіяды ў Сочы. Усе вердыкты па справах расійскіх спартоўцаў плануецца абвясціць да 5 снежня, калі пачнецца паседжанне выканкама МАК.

Рашэнне аб удзеле зборнай Расіі ў Алімпіядзе 2018 года будзе абвешчана 5 снежня. Пры яго прыняцці МАК будзе ўлічваць таксама вынікі камісіі пад кіраўніцтвам Самуэля Шміда, які займаецца пошукам доказаў існавання ў Расіі дзяржаўнай допінгавай праграмы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?