Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) заявіла пра сапраўднасць атрыманага ім электроннага файла, у якім утрымлівалася база дадзеных допінг-пробаў расійскіх спартсменаў са студзеня 2012 па жнівень 2015 года.

Пра гэта ў нядзелю, 3 снежня, паведаміла рэдакцыя ARD/WDR, якая займаецца пытаннямі выкарыстання допінгу ў спорце, са спасылкай на галоўнага следчага WADA Гюнтэра Юнгера, піша Deutsche Welle.

«Мы завяршылі крыміналістычную экспертызу і можам пацвердзіць сапраўднасць гэтай базы дадзеных», — падкрэсліў Юнгер. Ён дадаў, што яе ўтрыманне падмацоўвае сцвярджэнні экс-кіраўніка «антыдопінгавага цэнтра» Рыгора Родчанкава пра тое, што ў названы перыяд у Расіі на дзяржаўным узроўні рабіліся намаганні «для абароны расейскіх атлетаў, якія, як мяркуецца, удзельнічалі ў праграме допінгу». Па словах Юнгера, «расследаванне будзе працягнута», каб высветліць імёны канкрэтных спартсменаў.

Заява WADA узмацніла ціск на функцыянераў Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК), якія ўвечары 5 снежня на пасяджэнні ў Лазане павінны прыняць рашэнне аб санкцыях у дачыненні да расійскай зборнай. Сярод магчымых мер — поўная забарона на яе ўдзел у Гульнях у Пхенчхане або ўдзел у Алімпіядзе пад нейтральным сцягам і буйны грашовы штраф.

Як паведаміла ў лістападзе The New York Times, файл з вынікамі допінг-тэстаў у Маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі быў перададзены WADA ў кастрычніку нейкім інфарматарам, а не праз афіцыйныя каналы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0