04.12.2017 / 11:52

Падляскі ваявода прыпыніў перайменаванне вуліцы Тарашкевіча 3

Да 2 сьнежня Богдан Пашкоўскі павінен быў падпісаць рашэньне пра лёс вуліцы Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляскім. Такі крайні тэрмін прадугледжвае польскі Закон аб дэкамунізацыі. Як паведаміў Свабодзе раднік ваяводы Роман Чэпэ, дакумэнт дагэтуль не падпісаны.

«Ваявода вырашыў пакуль прыпыніць гэтую працэдуру, паколькі гісторыкі Інстытуту нацыянальнай памяці да гэтага часу не даслалі сваю характарыстыку асобы Тарашкевіча», — гаворыць Чэпэ.

Працэс па дэкамунізацыі ў Польшчы каардынуе Інстытут нацыянальнай памяці. Групай, якая ацэньвае біяграфіі патронаў польскіх вуліц і плошчаў, кіруе доктар гістарычных навук Мацей Коркуць. У інтэрвію Свабодзе 15 лістапада доктар Коркуць заявіў, што Браніслаў Тарашкевіч быў камуністам і трапляе пад закон аб дэкамунізацыі. Падобны лёс чакаў і вуліцу Якуба Коласа ў Гайнаўцы. Сёньня Свабодзе пакуль не ўдалося скантактавацца з Коркуцем.

Раднік падляскага ваяводы патлумачыў, што дата 2 сьнежня хаця і запісаная ў законе, але дазваляе ваяводам адтэрміноўваць прыняцьце рашэньня з улікам пэўных абставінаў.

«Зразумела, што справа Тарашкевіча складаная. Мы ня хочам сьпяшацца, бо важна, каб гэта было ўзважанае рашэньне, падмацаванае грунтоўным аналізам гісторыкаў» — патлумачыў Роман Чэпэ.

14 лістапада Чэпэ заявіў, што ваявода гатовы падпісаць рашэньне аб перайменаваньні, паколькі вуліца Тарашкевіча была ў сьпісе варшаўскага аддзелу ІНП. Але за Браніслава Тарашкевіча заступіўся беластоцкі аддзел ІНП, і яго справа была накіраваная на дадатковы аналіз гісторыкаў.

У польскім законе аб дэкамунізацыі гаворыцца, што «назвы будоваў, аб’ектаў і грамадзкіх установаў, у тым ліку дарогаў, вуліцаў, мастоў і плошчаў, якія названыя адзінкамі мясцовага самакіраваньня, ня могуць ушаноўваць асобаў, арганізацыяў, падзеяў або датаў, якія сымбалізуюць камунізм або іншы таталітарны лад».

0
Нейкі чалавек / Адказаць
04.12.2017 / 12:18
Прымусь дурня Богу маліцца... Ні Браніслаў Тарашкевіч, ні Якуб Колас НЕ СЫМБАЛІЗУЮЦЬ ані камунізму, ані якога іншага таталітарнага ладу.
0
Пілсудчык / Адказаць
04.12.2017 / 12:26
"...якія сымбалізуюць камунізм або іншы таталітарны лад..." Самы той Тарашкевіч, які сымбалізуе, ага.
2
Яўген / Адказаць
04.12.2017 / 15:38
У любым выпадку гэта іх справа. Пытанне у іншым. Чаму у нас не ушанаваныя нацыянальныя героі Касцюшка, Каліноўскі, Героі Слуцкага Паустання, Булак - Балаховіч, Быкаў, Геніюш і шмат іншых? Затое гранітных ідалаў крывавым камунякам - дык бадай што у кожным сяле. Чаму ж так мае дарагія? Няўжо у нас няма пачуцця нацыянальнай годнасці і самасвядомасці?
Можа спадарства спачатку трэба ушанаваць сваіх герояў у Беларусі, а ужо потым патрабаваць нечага ад палякаў, а не наадварот?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру