Крызісы патрэбныя капіталізму як соль — супу, кажуць адны – і маюць на ўвазе нешта цалкам станоўчае. Капіталізм кульгае ад аднаго крызісу да наступнага аж да канчатковага свайго крызісу, кажуць іншыя.
Пачнем з апалягетаў капіталістычнага апакаліпсісу, з Карла Маркса, вялікага прарока крызісу капіталізму.

Паводле Маркса сучасны прагрэсіўны капіталізм вылучаецца тым, што ў ім тавары ўрэшце больш не абменьваюцца на тавары, а пачынаецца гандаль грашыма ў абмен на грошы (Geld gegen Geld). У ягоным уяўленьні з унутраных супярэчнасьцяў капіталізму вынікаюць пэрыядычныя крызісы, якія з часам становяцца ўсё больш цяжкімі і небясьпечнымі. Маркс меркаваў, што праблема ўласна будзе палягаць у тым, што стаўкі прыбытку па меры прагрэсыўнай рацыяналізацыі будуць пастаянна зьніжацца, а попыт на прадукты капіталістаў урэшце спыніцца – гэтае прадказаньне аказалася памылковым.

Зусім іншае бачаньне сытуацыі меў Ёзэф Шумпэтэр, якія зрабіў шэраг найважнейшых тэарэтычных унёскаў у разуменьне сучаснага капіталізму.

Паводле Шумпэтэра, крызісы, узьнікненьне ды правал бізнэс‑ідэяў, а таксама разбурэньне старых, аджылых сваё фірмаў, ёсьць непазьбежнай рысай капіталізму.
Інавацыі, якія спрычыняюцца да «творчага разбурэньня», ёсьць рухавікамі падвышэньня дабрабыту.

Чыгунка, інфармацыйныя тэхналёгіі і фінансавыя інавацыі

Найлепшы прыклад – чыгунка. Калі былі пабудаваныя першыя ўчасткі, укладальнікі шалёна кінуліся падпісвацца на акцыі чыгуначных кампаніяў. Курсы акцыяў рэзка ўзьляцелі ўверх, рынак перагрэўся – але пасьля таго, як высьветлілася, што дывідэнды далёка не адпавядаюць чаканьням, курсы абрынуліся. Многія ўкладальнікі страцілі ўвесь свой капітал. Але чыгунка, адна з наймагутнейшых інавацыяў прамысловай рэвалюцыі, выстаяла.

Падобна было з інтэрнэтнай эканамічнай бурбалкай і бурбалкай «новай эканомікі» на мяжы тысячагоддзя.
Новы рынак збанкрутаваў, а многія ўкладальнікі страцілі на ім усё, што мелі. Аднак спрычыненая дзякуючы штуршку інфармацыйных тэхналёгіяў інфармацыйная рэвалюцыя і, разам з тым, магутны прарыў у пляне чыстага падвышэньня дабрабыту – засталіся.

У працэсе крызісу рынак аддзяляе пустазельле ад жыта.

Канкурэнцыя дзейнічае як «працэс адкрыцьця» новага, кажучы словамі Фрыдрыха Аўгуста фон Гаека,
які быў, відаць, найвялікшым пасьля Шумпэтэра тэарэтыкам рынку.

Гэтаксама і фінансавая галіна зазнала велізарныя інавацыі. Фінансавыя рынкі служаць таму, каб накіроўваць плыні капіталу на самыя прадукцыйныя мэты выкарыстаньня. Але над усім гэтым лунае цень няпэўнасьці: ніхто ня можа з пэўнасьцю прадказаць посьпех ці няўдачу інавацыяў і інвэстыцыяў. Да таго ж інфармацыя аб шанцах і рызыках даступная розным людзям у рознай ступені.

Заганы рынку і дзяржавы накладаюцца

Пры ўсім пры тым

фінансавыя рынкі больш схільныя да нестабільнасьці, чым таварныя.
Захопленыя інавацыямі ўкладальнікі схільныя да перабольшваньняў. У выніку ўтвараюцца бурбалкі, якія ўрэшце лопаюцца. За эпохай «Вялікага бычынага рынку» на Ўол‑стрыт пасьледавала «чорная пятніца» ў кастрычніку 1929 году; за гадамі эканамічнага буму ў азіяцкіх «новых эканамічных тыграх» прыйшоў крах 1997—98 гадоў. Чаму ж тады ў трыццатыя гады меў месца глыбокі і працяглы сусьветны эканамічны крызіс, тады як азіяцкія «новыя эканамічныя тыгры» хуценька ізноў ускочылі на ногі?

Адказ на гэтае пытаньне зьвязаны, мабыць, з рознай рэакцыяй адпаведных дзяржаваў: у трыццатыя гады большасьць урадаў шукалі паратунку ў моцным рэгуляваньні рынку; яны зачынілі межы для гандлю і хацелі цэнтралізавана вызначаць цэны і аб’ёмы вытворчасьці.

У Амэрыцы «Новы курс» Рузвэльта прывёў да дзяржаўнай апекі над значнымі часткамі эканомікі. Яшчэ ў 1936 годзе ровень беспрацоўя ў Амэрыцы складаў больш за 15 адсоткаў.

У Азіі ж урады паводзілі сябе ў 1997—98 гадох стрымана; рынкі апусьціліся да самай ніжняй мяжы, і тады ізноў хутка ўступілі ў дзеяньне сілы росту. Сёньня раны таго азіяцкага крызісу загаіліся.

У кожным крызісе накладваюцца адно на адна заганы рынку і дзяржавы.

Цяперашні крызіс быў, з аднаго боку, спрычынены сквапнасьцю банкаў, якія распрацоўвалі складаныя фінансавыя прадукты, якія яны ўжо нават і самі больш не давалі рады зразумець і кантраляваць.
Аднак сюды дадалася і значная порцыя памылковых стымулаў з боку дзяржавы, як то танныя стаўкі рэфінансаваньня пасьля 2001 году.

Шкодная дапамога

Акурат яны і зрабілі магчымым масавае ўзяцьцё крэдытаў і ўсё большыя магчымасьці для фінансавых інвэстыцыяў. Умяшаньне амэрыканскай Фэдэральнай рэзэрвавай сыстэмы ў 1998 годзе ў крызіс вакол банку LTCM стварыла да таго ж небясьпечны прэцэдэнт, бо цяпер банкіры‑рызыканты маглі ў выпадку небясьпекі спадзявацца на дзяржаўную дапамогу. А

бум у сфэры пабудовы жыльля ў Амэрыцы быў таксама і палітычна пажаданай зьявай;
балазе, свой дом для кожнага быў задачай дзеючых пры дзяржаўнай падтрымцы гіпатэчных канцэрнаў «Fannie Mae» і «Freddie Mac».

Цяпер жа банкі падаюць літаральна шыхтамі. Урад у Вашынгтоне мусіць практычна нацыяналізаваць палову банкаўскае сфэры. Будучыя фінансавыя інвэстыцыі будуць рэгулявацца стражэй. Але тым самым канкурэнцыя як «працэс адкрыцьця» новага будзе абмежаваная настолькі, што кошт гэтага абмежаваньня магчыма перавысіць карысьць ад яго (пра што папярэджваў Гаек). Пакуль што капіталізм сам даваў рады выбрацца з кожнага свайго крызісу, а дзяржаўнае ўмяшаньне часта больш шкодзіла, чым дапамагала.

Філіп Плікерт, «Франкфуртэр Альгемайнэ Цайтунг». Пераклаў Сяргей Богдан

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?