06.12.2017 / 10:12

«Наша Ніва» назвала чалавека года 58

Сёлета рэдактары «НН» назвалі чалавекам года старшыню Нацыянальнага банка Паўла Калаўра і ягоную каманду — за стабілізацыю рубля і вяртанне даверу да нацыянальнай валюты.

Летась «Наша Ніва» назвала чалавекам года стваральніцу «Імёнаў» Кацярыну Сінюк — за арганізацыю новых формаў дабрачыннасці. У 2015 годзе — Святлану Алексіевіч, першую беларуску, якая атрымала Нобелеўскую прэмію.

Выбар гэтага года — не звычайны. Звычайна пра чыноўнікаў успамінаюць, калі трэба павесіць адказнасць за няўдачы. Правалы кідаюцца ў вочы, а вось поспехі, нармальнасць — яны часта незаўважныя. Так хутка мы звыкліся і са стабільнасцю фінансаў. Час ідзе, а нашы грошы каштуюць столькі ж, колькі каштавалі. Два гады назад скептыкі прагназавалі, што манеткі хутка стануць нікому не патрэбныя. Ажно не — за даляр як давалі два рублі, так і даюць.

Упершыню за ўсе гады незалежнасці інфляцыя складае ўсяго 6%. Стаўка па рублёвых крэдытах апусцілася ніжэй за 10%. Стабільнасць валюты вяртае людзям базавы давер да дзяржавы.

Пры Калаўру была выпрацавана праграма грашова-крэдытнай палітыкі пры абмежаваным павышэнні грашовай масы — кажучы па-простаму, устаноўлены ліміт на друк грошай. За 11 месяцаў 2017 года, напрыклад, рост шырокай грашовай масы ў эканоміцы склаў каля 8%, хаця раней бывала і па 100%, і па 200%.

Стаўка рэфінансавання ў 2017-м паніжалася 8 разоў і цяпер складае 11% проці 25% у 2015 годзе.

У правільнасці такой палітыкі Калаўр пераканаў Аляксандра Лукашэнку.

Роля каманды

Новы эканамічны курс адстойвае цэлая група дзяржаўных дзеячаў, сярод якіх і прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў, і віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі, і намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Мікалай Снапкоў, і кіраўнік новага флагмана беларускай эканомікі, Парка высокіх тэхналогій, Усевалад Янчэўскі. Але канкрэтна стабільнасць валюты заўсёды ўвасабляе кіраўнік Нацыянальнага банка.

У Беларусі гэтую пасаду займае Павел Калаўр. Яго не ўсе ведаюць. Затое Пятра Пракаповіча ведалі ўсе.

«У чым заслуга Калаўра? У тым, што чалавек пачаў паслядоўную працу па стабілізацыі рубля і вяртанні даверу, — расказвае эканаміст Аляксандр Чубрык. — Пры Пракаповічу гаварылася адно, а па выніку мы мелі нешта касмічнае. Раней Нацбанк увогуле не ўспрымаўся як арганізацыя, якая мае нейкую вагу агулам».

Аляксандр Чубрык са спасылкай на інсайды кажа, што Калаўру давялося вельмі цяжка ў разварочванні сістэмы.

«Якая логіка панавала да Калаўра? «Нам трэба грошы — дайце нам грошы». І Нацбанк даваў тым, даваў гэтым, стратным. А тут прыйшоў Калаўр, і яму давялося супрацьстаяць усім гэтым ведамасным памкненням. Нацбанк увёў манетарнае таргетаванне, што значыць рост грашовай масы ў вызначаным калідоры.

Фактычна, ён першы ўзяў на сябе адказнасць за такую палітыку, увайшоў у канфрантацыю і трымае сваю лінію», — кажа Чубрык.

Поспех палітыкі «стабільнага рубля» залежаў ад здольнасці тэхнакратаў пераконваць Аляксандра Лукашэнку. Праўда, Калаўру пашанцавала і з кантэкстам, у якім яму давялося дзейнічаць.

«Роля дзяржаўных прадпрыемстваў у эканоміцы змяншаецца, прыватныя прадпрыемствы, калі адняць «Белкалій» і нафту, ужо плацяць падаткаў хіба не больш. І змяншэнне гэтай ролі азначае і змяншэнне ціску на Нацбанк, — тлумачыць Чубрык. — Цяпер ніхто не хоча ўжо высокай інфляцыі, бо ад яе ў першую чаргу церпіць электарат — найбяднейшыя слаі насельніцтва. Гэта стала каштоўнасцю, як і прадказальны валютны рынак — таксама каштоўнасць, ад якой не хочацца адмаўляцца. Бо калі даць слабіну і вярнуць старыя метады кіравання, то вернуцца і старыя праблемы. І Мінфін падтрымлівае Нацбанк. Гэта ж відавочна, што калі павысіцца інфляцыя, то знізіцца ВУП у далярах, вырасце нацыянальны доўг і гэтак далей».

Што ж цяпер найбольшая пагроза фінансавай стабільнасці? Павышэнне заробкаў, не падмацаванае ростам прыбыткаў, лічыць Чубрык.

З Палесся

Павел Калаўр нарадзіўся ў 1962 годзе ў вёсцы Белавуша, на Палессі. Дагэтуль там жывуць ягоныя маці, сястра і брат.

З вёскі Калаўр выбіўся ў пінскі тэхнікум, адтуль — у мінскі Наргас (сёння— Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт). Там жа пазнаёміўся з будучай жонкай, у іх двое сыноў— малодшы цяпер робіць аналітыкам у банку «БелВЭБ», старэйшы ж — аналітык, але ў EPAM, найбольшым прадпрыемстве ІТ-сектара.

Цікава, што кандыдацкую дысертацыю Калаўр абараняў па тэме манетарнага саюза Беларусі і Расіі, канкрэтней — пра перспектывы супольнай валюты. У рабоце Калаўр прыйшоў да высновы, што гэта магчыма толькі ў разе, «калі выкананы ўсе ўмовы і дасягнутая поўная эканамічная інтэграцыя».

Працаваць Калаўр пачаў яшчэ за Саветамі ў сістэме Дзяржбанка, незалежнасць сустрэў у Валожыне, у Белаграпрамбанку. А на работу ў Нацбанк яго ў 1993-м запрасіў тагачасны старшыня Багданкевіч. У гэтай сістэме Калаўр адрабіў 17 гадоў, пасля чаго, у 2010-м, стаў старшынёй банка «БелВЭБ», але праз чатыры гады зноў вярнуўся ў Нацбанк ужо ў якасці боса.

Што вядома пра Калаўра?

На працу ён прыязджае не пазней за 7:30. У той жа час да ночы сядзець не любіць — сыходзіць своечасова, каб пабыць з сям’ёй або заняцца спортам: Калаўр — вялікі аматар лыжаў і вялікага тэнісу, якім займаецца не радзей за два разы на тыдзень.

Лыжамі займаюцца і ягоныя сыны.

Жыве ён у Вяснінцы, у «пасёлку банкіраў». У 2007 годзе Мінгарвыканкам выдзеліў зямлю на вуліцы Вілейскай семярым дзяржаўным служачым. Тагачаснаму старшыні Нацбанка Пятру Пракаповічу — 0,15 га. А ўсе ягоныя намеснікі — Павел Калаўр, Юрый Алымаў, Мікалай Лузгін, Уладзімір Сянько, Мікалай Кадушка і Васіль Мацюшэўскі — атрымалі па 0,11 га.

Калаўра называюць чалавекам, які ўмее слухаць і прыслухоўвацца — да намеснікаў, дарадцаў і экспертаў.

Спыніўся станок

Высока ацэньвае работу Калаўра былы старшыня Нацбанка прафесар Станіслаў Багданкевіч, які некалі і ўзяў Калаўра на работу.

«Дзеянні яго папярэднікаў вялі да інфляцыі. Стваралася бачнасць росту заробкаў без росту вытворчасці, панаваў валюнтарызм у грашовай сферы. Сапраўды, калі казаць простай мовай, то пры Калаўру спыніўся станок. Прыйшло разуменне, што рост заробкаў мае быць прывязаны да росту прадукцыйнасці працы. Роля Калаўра ў тым, што ён узгадніў з Лукашэнкам такую палітыку, данёс гэты прынцып, што не трэба даваць грошы ўсім прагным: прамысловасці, сельскай гаспадарцы… Хай яны самі зарабляюць! Не трэба крэдытамі пакрываць іхнія правалы. Пры такой палітыцы прадпрыемствы не могуць выдаваць незаробленыя грошы, склалася гармонія ў росце заробкаў і росце ВУП».

Багданкевіч кажа, што не бачыць відавочных мінусаў у рабоце Калаўра.

«Гэтыя мінусы ёсць, але яны больш звязаныя са станам рэчаў у эканоміцы і адсутнасцю рынку, а не з асобай старшыні Нацбанка ці яго камандай: нельга толькі з дапамогай Нацбанка стабілізаваць эканамічныя працэсы. ВУП вырас на 2%, а грашовая маса расце хутчэй, у гэтым ёсць праблема. Нямала дзяржаўных кампаній дапускаюць вялізныя выдаткі, якія пакрываюцца з бюджэту. Гэта вядзе да рызыкі павелічэння інфляцыі», — папярэджвае Багданкевіч.

Чытайце таксама: Асобы года: Шыдлоўская, Макей, Сапега, Кім…

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Фота Сяргея Гудзіліна

24
столінскі / Адказаць
06.12.2017 / 10:16
Неблагі выбар. Але памяняйце дызайнера, галоўная выява выглядае жудасна.
22
РРВ / Адказаць
06.12.2017 / 10:19
Нечакана. Але цікавы, разумны выбар, падумаўшы.
12
Нейкі чалавек / Адказаць
06.12.2017 / 10:19
Стабілізацыя сапраўды была. Але, нажаль, нядоўгаю. А даверу як не было, так і няма. Колькі там, кажаце, каштуюць сёння ў рублях даляр і эўра?
Паказаць усе каментары/ 58 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру