06.12.2017 / 11:29

Беларусы ўдвая знізілі чысты продаж наяўнай валюты 2

Беларусы ў лістападзе знізілі продаж наяўнай валюты на 10,4% у параўнанні з кастрычнікам, да 579,7 млн даляраў. Купля валюты сціпла вырасла — на 3,9%, да 93,4 млн даляраў. Пры гэтым ужо дваццаць два месяцы насельніцтва застаецца чыстым прадаўцом наяўнай валюты.

У лістападзе чысты продаж наяўнай валюты знізіўся на 47,8%, да 179 млн даляраў пасля зніжэння росту на 19,3% у кастрычніку. Усяго з пачатку года беларусы здалі ўжо 2,2 млрд даляраў чыстымі наяўнымі.

За студзень-лістапад 2017 года беларусы купілі наяўнымі 4,313 млрд даляраў, прадалі — 6,636 млрд даляраў. З улікам куплі-продажу безнаяўнай валюты чысты продаж дасягнуў 1,8 млрд даляраў.

Суб'екты гаспадарання ў лістападзе зноў былі чыстымі пакупнікамі валюты. Усяго за адзінаццаць месяцаў прадпрыемствы прадалі 16,469 млрд даляраў, купілі — 17,154 млрд.

Эксперты адзначаюць, што частка прададзенай грамадзянамі валюты — гэта назапашаныя дэпазіты. Па дадзеных Нацбанка, у мінулым годзе валютныя дэпазіты фізічных асоб скараціліся на 9,5%, ці амаль на 800 млн даляраў. За апошняе дзесяцігоддзе гэта другое і самае значнае падзенне. Валютныя дэпазіты беларусаў з 2008 года падалі толькі ў сумна вядомым трохразовай дэвальвацыяй рубля 2011 годзе. Тады дэпазіты страцілі 3,9%.

Як адзначаюць эксперты, у насельніцтва пры зніжэнні ўзроўню даходаў захоўваецца звычка да спажывання, якое падае менш, чым даходы, гэта значыць трацяцца зберажэнні. Пры гэтым летам пазначыліся станоўчыя тэндэнцыі ў сферы заработнай платы. У прыватнасці, сярэдні заробак у кастрычніку вырас, у пераліку па сярэднеўзважаным курсе даляра склаўшы 428 даляраў.

0
Святлана / Адказаць
06.12.2017 / 13:59
Запасы валюты не бязмежныя.
0
Мулла Омар / Адказаць
06.12.2017 / 19:44
Грошы скончылися.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру