Міністр транспарту Беларусі Анатоль Сівак ды міністр інфраструктуры Украіны Уладзімір Емяльян падпісалі дарожную мапу па аднаўленні воднага шляху Е-40, паведамляе Радыё Свабода.

«Адным з прыярытэтных напрамкаў развіцця дачыненняў паміж Украінай і Беларуссю ёсць забеспячэнне ўмоў для ажыццяўлення транзітных перавозак грузаў водным транспартам па тэрыторыі Украіны, у тым ліку, з выкарыстаньнем судоў класа «рака-мора», — адзначыў Уладзімір Емяльян.

Паводле яго, да рэалізацыі праекта будуць далучаныя міжнародныя фінансавыя арганізацыі і донары. Згодна з дакументам, для поўнавартаснага аднаўлення суднаходнага шляху Е40 «Балтыйскае мора — Гданьск — Дняпро — Чорнае мора» плануюць паглыбіць дно на перакатах Дняпроўскага і Днепрадзяржынскага вадасховішчаў і павялічыць габарыты воднага шляху на ўчастку Кіеўская ГЭС — Ніжнія Жары (Брагінскі раён Гомельскай вобласьці).

Летась Польшча і Беларусь падпісалі мемарандум пра аднаўленне воднага шляху Е40. Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі разам з польскім бокам абмяркоўвалі праект, каб выпрастаць рэчышча Прыпяці і пабудаваць на рацэ прынамсі сем шлюзаў.

На гэтыя ініцыятывы экалагічныя і грамадскія арганізацыі адказалі кампаніяй #STOP_E40. Пад адпаведным мемарандумам супраць аднаўлення Е40 падпісаліся каля 20 недзяржаўных арганізацый Беларусі, Польшчы і Украіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0