Андрусь Горват наведае Гомель у межах сустрэчы з сёлетнімі фіналістамі літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. Кампанію яму складуць паэтка Ганна Комар і празаік Уладзімір Садоўскі.

Комар дэбютавала з кнігай вершаў «Страх вышыні», за якую ўжо паспела атрымаць таксама ўзнагароду ў Швецыі. Садоўскі — аўтар зомбі-хорару «1813»: навелу называюць першай у гэтым жанры па-беларуску. Горват жа стаў літаратурным адкрыццём мінулага года за кнігу «Радзіва «Прудок». Дзённік». Каб атрымаць ад аўтара аўтограф, чытачы выстройваліся ў чэргі на вуліцы. Але па-за Мінскам кніга Горвата так і не была прадстаўлена. Сустрэча ў Гомелі — рэдкі выпадак пагаварыць з пісьменнікамі ўжывую.

Сустрэча пройдзе ў арт-прасторы «Каўчэг» (Гомель, пр-т Перамогі, 2а). 9 снежня, пачатак а 14.00. Уваход вольны.

***

Прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча — літаратурная прэмія, заснаваная ў снежні 2010 года Саюзам беларускім пісьменнікаў, Беларускім ПЭН-цэнтрам і мецэнатам Паўлам Падкарытавым (Бераговічам). Першае ўручэнне прэміі адбылося на наступны год. З 2014 года да арганізатараў «Дэбюту» далучыўся дабрачынны фонд «Вяртанне». Прэмія ўручаецца ў трох намінацыях, у якіх працаваў Максім Багдановіч, — «Проза», «Паэзія», «Мастацкі пераклад». Лаўрэатамі станавіліся Анатоль Івашчанка, Ганна Янкута, Таццяна Нядбай, Віктар Марціновіч, Віталь Рыжкоў, Наталля Харытанюк і іншыя.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0