Прыехаў я некалі, здаецца ў 2013, у Грузію ў складзе дэлегацыі, дзе прадстаўнікі былі з самых розных еўрапейскіх краін. Немцы, шведы, галандцы, нейкія палякі, беларусы з украінцамі…

Па завяршэнні мерапрыемстваў у адзін з дзён чакала нас экскурсія. Дык вось. Мала таго, што кіроўца на сваім аўтобусе спазніўся. Ён не проста спазніўся, ён яшчэ і прыехаў незапраўлены. Па дарозе заехаў на запраўку. Я сядзеў па правым борце і глядзеў у акно. Уставіў кіроўца пісталет у бензабак, запраўляецца, балбоча з кімсьці і проста так закурвае… А з вокнаў з правага борта глядзяць на яго немцы, шведы, галандцы, нейкія палякі і беларусы з украінцам.

А я сядзеў і думаў: вось гэтыя хлопцы прасунуліся на шляху інтэграцыі з ЕС далей, чым мы? Ну так, прасунуліся, чаго ўжо.

Чытаю я цяпер навіны з Украіны.

Там закурваюць ў дзяржаўным маштабе.

У іх там кураць наогул нядрэнна. У іх там прынялі былога прэзідэнта адной незалежнай краіны, у якой шмат кураць, які знаходзіўся ў міжнародным вышуку.

Далі яму грамадзянства.

На пасаду паставілі.

Грамадзянства пазбавілі. Але пры гэтым, што немалаважна, грамадзянінам ён ад гэтага быць не перастаў.

Ён спакойна праходзіць ахоўную ўзброенымі людзьмі мяжу — і ўсё ў яго ОК.

Яго не можа ўзяць галоўная спецслужба краіны. Дакладней, можа ўзяць, але не можа ўтрымаць.

Ён, калі б нават быў ён залаты, але ён, іншаземец, становіцца на чале барацьбы з законна (як гэта ні смешна) выбранай уладай. Будучы замежнікам. Не паходжання іншага, але тут нарадзіўся і адукацыю атрымаў, ну а проста і відавочна — палітычны гастарбайтар. Зрынае мясцовую ўладу.

Калі я памыляюся і гэта завецца інакш, чым failed state, папраўце мяне.

Мне Саакашвілі, калі шчыра, заўсёды быў сімпатычны. Ён мне і цяпер сімпатычны. Можа быць, нават асабліва сімпатычны.

Але мне і Украіна была сімпатычная заўсёды. Яна мне і цяпер сімпатычная.

Я толькі цяпер засумняваўся, што мары пра тое, што ва Украіне будуць перамены і яны пацягнуць за сабой змены ў постсаўку ў цэлым, былі хоць бы ў найменшай ступені абгрунтаваныя.

Атрымліваецца пакуль што, як ні круці, такі сімпатычны failed state.

І так, гэтыя хлопцы таксама нашмат далей за нас прасунуліся па шляху інтэграцыі з ЕС.

Толькі нешта мне падказвае, што развагі некаторых экспертаў пра тое, што Беларусь у выпадку наяўнасці жадання зможа прайсці гэты шлях у разы хутчэй — вельмі нават пра тое.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?