10.12.2017 / 08:35

«Сакрэтная любоў» прэм'ера Беларускай Народнай Рэспублікі Рамана Скірмунта 32

Раман Скірмунт (1868—1939) — гаспадарчы і палітычны дзеяч Расійскай імперыі, Беларусі і Польшчы. Мецэнат, землеўласнік, дэпутат (1906) I Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі, дэпутат (1910—1911) Дзяржаўнай Рады Расійскай імперыі ад Мінскай губерні, прэм'ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі (1918), сенатар Польшчы (1930—1935). Нарадзіўся ў вёсцы Парэчча (цяпер Пінскі раён). Усё жыццё не меў жонкі і афіцыйных дзяцей.

Пасля публікацыі артыкула «Як беларускага прэм’ера прымушалі самому сабе магілу капаць» пра лёс дзеяча БНР Рамана Скірмунта каментатары пачалі дыскусію.

Яе каталізатарам стаў нехта «Изя», які змясціў допіс наступнага зместу:

«Это ж так хорошо было крестьянам жить при поляках и под Скирмунтом, что они с флагами побежали встречать красноармейцев, как только услышали об их приближении.

Вашего Скирмунта крестьяне ненавидели хотя бы за то, что ни одна крестьянская девушка не могла выйти замуж, пока не побудет в постели с паном Скирмунтом. Когда он шел в баню, туда вели и крестьянок. На сей счет опубликованы исторические документы. В том числе в сборниках, выпущенных НАН Беларуси. Во многих семья были дети от пана Скирмунта, даже по двое, которых он, конечно же, за детей своих не признавал. Говорят, что среди тех, кто его убивал, был один из таких его сыновей. Скирмунт его даже узнал и, как теперь говорят, выразил недоумение, но это не помогло. Так что могилу Скирмунт себе все-таки выкопал, он копал ее много лет».

«Наша Ніва» папрасіла пракаментаваць гэтыя абвінавачванні доктара гістарычных навук, прафесара Алеся Смаленчука, які падрабязна даследаваў біяграфію Рамана Скірмунта.

«Хлусня. Ніякіх дакументаў пра «пасцелю» няма і быць не можа, — адзначае спадар Смалянчук. — Падчас маіх экспедыцыяў у Парэчча [вёска на Піншчыне, дзе быў маёнтак Скірмунтаў — НН] і наваколле сабралася каля сотні ўспамінаў, падчас якіх НІХТО з вяскоўцаў нічога кепскага не казаў пра Скірмунта. Заўсёды «наш Скірмунт» або «добры пан».

У сваім артыкуле «Палеская вёска ў стасунку да пана» (зборнік «Беларуская гісторыя: знайсці чалавека», Мінск: Логвінаў, 2013) Алесь Смалянчук падае жывыя сведчанні стаўлення сялян да Скірмунта:

«…Людзі расказвалі, што ён быў някепскі пан. Усім дапамагаў, хто зойдзе і чагосьці папросіць. Бацька добра адгукаўся пра Скірмунта: добрая людзіна быў, да людзей добра ставіўся. І цяпер, тыя, хто памятае, як і я, усе станоўча ставяцца да яго (Сяргей Глушко, 1925 г.н., в. Рудка);

Трапіць да пана Скірмунта было проста. Пастукаемся і зойдзем. Не тое, што зара'. Не дабрацца да якога прадсадацеля. А тады: «Паночку, так і так, дзела ёсць». І ён дапамагаў (Рыгор Цярэшка (1932 г.н.)

Пан добры быў, добры… Усё у нас згарэла, дом, карова… Пан прыехаў і гаворыць: «Не плач! То не твая карова згарэла, а мая». А мужу кажа: «А ты, Міхал, прыйдзі заўтра ў кантору». Муж прыйшоў, а пан даў яму 100 злотых на карову (Ганна Пракопчык, 1930 г.н., в. Моладава).

Ён быў харошы. Гэткіх людзей мала бывае, як Скірмунт быў. Я да яго не ходзіла, я яму не рабіла, не была я ў яго, але ён быў харошы чалавек (Харыта Чырко, 1913 г.нар., в. Парэчча)».

Даследчык адзначае, што блізкасць пана да вёскі зрабіла Скірмунта ў людскіх вачах чараўніком:

«Калі здараўся пажар, то Скірмунт сам выязджаў туды. Заўсёды абыходзіў пажарышча, і агонь далей не ішоў. Людзі цікавіліся ягоным сакрэтам, але ён нікому гэтага не казаў (Марыя Мікалайчык, 1920 г.нар., в. Парэчча)».

На трэці год працы ў Парэччы і ваколіцах гісторыку ўдалося разгаварыць людзей і на тэму інтымнага жыцця Рамана Скірмунта:

«Як адзначалася, сям’і ён не меў… Вельмі асцярожна і тактоўна нам распавялі пра ўдаву Кацярыну Цярэшка:

«Баба харошая была. Самыя гады такія пад яго… То засакрэчана любоў «(Марыя Кучынская, 1919 г. нар., в Парэчча).

У 20-я гады Кацярына Цярэшка пастаянна жыла ў маёнтку. Людзі казалі пра чатырох сыноў Кацярыны ад пана. На пытанне, чаму вы лічыце, што гэта яго сыны, адказвалі: «Падобныя, як партрэты».

Усе яны атрымалі адукацыю, жылі і працавалі ў маёнтку, мелі прозвішча Цярэшка, але «па-вулічнаму» былі «Скірмунтавымі».

Моцнае ўражанне рабіла тая асцярожнасць і тактоўнасць, з якой парэчане распавядалі пра адносіны пана і сялянкі. Але падчас наступных экспедыцый высветлілася, што Р.Скірмунт меў таксама іншых вясковых каханак. Стаўленне вёскі да гэтай старонкі панска-сялянскіх адносінаў быў даволі спакойны…»

Расказалі землякі даследчыку і пра апошнія хвіліны Скірмунта.

«Ён быў забіты 7 кастрычніка 1939 г. разам са шваграм Баляславам Скірмунтам.

Паводле савецкай літаратуры, забілі «мясцовыя савецкія актывісты», паводле памяці жыхароў вёскі, забівалі «мясцовыя дурні», «такія нэндзы», «хуліганы», «падхалімы», «гулякі», за спінамі якіх маячылі постаці савецкіх камісараў Холадава, Кавалёва і Маскалёва.

Суразмоўцы вельмі эмацыянальна перадавалі апошнія словы пана:

Скірмунту перад смерцю загадалі адвярнуцца. Адмовіўся: «Я ад народа не адварочваюся (Павел Клімовіч, 1925 г. нар., в. Парэчча);

І таму пану, і швагру той Салавей казаў: Адвярніся задам. Коб у зад страляць. А ён гаворыць: Я ад людзей не адварочваўся. Хто да мяне прыходзіў, я каждаму помач даваў». У ліцо выстраліў. Так тому Салаўю ён мо гадоў з дзесяццю, мо і бульш, як застрэліў, так у вачах усё ўрэмя стаяў. Што ў ліцо страляў… (Мікалай Калбаска, 1925 г.н., в. Рудка).

Аповеды пра смерць Рамана Скірмунта канчаліся сцвярджэннем, што ўсе забойцы вельмі кепска закончылі свае дні, усе былі пакараныя Богам:

У яго ўсе тыкалі пальцам: «Салавей пана забіў! Салавей пана забіў! То ён няхлеў, няхлеў, то так помер. А тыя дурні двое, недзе паехалі. І яны ў сяле не памерлі. Недзе на свеце прапалі (Харыта Чырко, 1913 г.н.).

Варта адзначыць, што пры аповедах пра смерць Р.Скірмунта, звычайна, суразмоўцы цалкам ігнаравалі прысутнасць у Парэччы салдат і камісараў Чырвонай арміі. У забойстве вінавацілі выключна «сваіх», падкрэслівалі ўнутраныя матывы. Пашыраная вясковая версія сцвярджала, што забойцы праявілі самавольства і забілі Р.Скірмунта, бо разлічвалі на вялікую ўзнагароду:

Яны такія былі разумныя, бо счыталі, што ім награду дадуць. І ўсё. Яны бедныя былі, пастухі… (Харыта Чырко, 1913 г.н.).

У верасні 1939 г. актуалізаваўся варыянт: забіць пана, каб стаць панам…

Блізкасць Рамана Скірмунта да вяскоўцаў, ягоная вонкавая простасць, якая, звычайна, трактуецца як антанімічны полюс шляхетнасці і канстытуіруе аўтастэрэатып мужыка, аднойчы ва ўспамінах ператваралася ў пэўнае ганаровае прызнанне Скірмунта «сваім»:

Во, што я знаю пра Скірмунта. Харошы мужык быў! (Мікалай Калбаска, 1925 г.нар., в. Рудка).

Зрэшты, падобная ацэнка была выключэннем… Той жа суразмоўца прызнаў, што пан «у канцы мог быць прэзідэнтам».

Як склаўся лёс сыноў Кацярыны Цярэшкі?

Вяскоўцы казалі, што Раман Скірмунт меў ад Кацярыны Цярэшкі чатырох пазашлюбных дзяцей: Олеся (Аляксандра), Рамана, Уладзіслава і Петруся (Пятра). Усе дзеці атрымалі адукацыю, жылі і працавалі ў маёнтку Рамана Скірмунта. Вядома, што Аляксандр памёр яшчэ ў 1930-х, Раман быў арыштаваны НКВД і загінуў у Сібіры, Петрусь з'ехаў у Польшчу, лёс Уладзіслава невядомы.

Болей пра Рамана Скірмунта можна буде прачытаць у кнізе Алеся Смаленчука, якая выйдзе ў пачатку 2018 года.

25
мартовик / Адказаць
10.12.2017 / 09:38
«Не плач! То не твая карова згарэла, а мая" Вопросы еще есть, о "добром" пане?
3
Тамара / Адказаць
10.12.2017 / 10:07
Пан наш добры ,Разумная жанчына заўжды стараеца нарадзіць дзяцей ад добрага чалавека .Каму наш пан не даспадобы, хай шануе свайго пана,ен таксама мае пазашлюбных дзетак .
2
Н. Д. / Адказаць
10.12.2017 / 10:16
Паклёп і брудныя беспадстаўныя абвінавачанні гэта ўлюбёныя метады НКВД-КГБ, калі нельга знішчыць чалавека ці калі ён знаходзіцца ў недасягальнасці альбо калі яго няма на гэтым свеце, то самае першае, што робяць чэкісты гэта абвінавацваюць чалавека ў самых брудных самых вычварных злачынствах . Так рабілася ў пачатку станаўлення камуністычнай дыктатуры, паказальна ў гэтым плане пачытаць Аляхновіча "У капцюрах ГПУ", як пасля вызвалення з савецкай вязніцы чэкісты распаўсюджвалі плёткі пра яго ў асяроддзі беларусаў Літвы, так робіцца і па сёння, ў тым ліку тролямі на незалежных сайтах.
Паказаць усе каментары/ 32 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру