Калі ў 1998-м у «Нашай Ніве» выйшлі два апавяданні — «Рыхтуйся!» і «Паленне», — стала зразумела, што ў Беларусі ёсць не толькі малады палітык Павал Севярынец, але і Севярынец-пісьменнік.

Трэба сказаць, што чаканні аўтар не падмануў. У 2007-м былі надрукаваныя «Лісты з лесу», якія сталі кнігай года і атрымалі прэмію імя Алеся Адамовіча. Прыблізна ў той жа самы час Павал пачынаў пісаць раман, першая частка якога з’явілася сёлета, — «Беларусалім».

Па-мойму, гэта найлепшая мастацкая кніга 2017 года.

Калі казаць пра беларускіх аўтараў новага пакалення, то проза, стыль такой якасці ёсць толькі ў двух — у Севярынца і ў Антона Францішка Брыля.

Сам тэкст у «Беларусаліме» такі, што яго не прабяжыш вачыма, сочачы толькі за сюжэтам. Тут занырваеш так глыбока, з цёплай паверхневай вадзічкі ў халодную, што сціскае лёгкія.

Тут можна ўчытвацца, пад павелічальным шклом разглядаць кожны сказ. Гуляючыся марфемамі, алітарацыямі, Павал часам б’е напавал. Карані словаў прарастаюць у тэкст, у напластаванні вобразаў і сэнсаў. Чытаеш, і разумееш, як карпатліва ўзводзіў аўтар муры «Беларусаліма». Усе цэглы, усе камяні шчыльна падагнаныя адзін да аднаго, дбайна абчасаныя.

Такой кнігі пра Беларусь і веру ў нас яшчэ не было.

«Беларусалім» — гэта, безумоўна, прызнанне. Прызнанне ў любові: да Бога, да людзей і да сваёй краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?