Нестандартную і незвычайную школу для звычайных дзяцей пабудуюць у Новай Баравой. У праекце, распрацаваным міжнароднай камандай архітэктараў спецыяльна для Новай Баравой, — прасторны атрыум ў выглядзе амфітэатра замест стандартнага вестыбюля, зоны цішыні і адпачынку для школьнікаў розных узростаў, і нават выхады на эксплуатаваны дах! У ёй будзе вучыцца больш за тысячу дзяцей, а адкрыецца яна ў 2019 годзе.

«Пры стварэнні праекта мы максімальна арыентаваліся на апошнія тэндэнцыі ў адукацыі і ўлічвалі патрэбы сучасных школьнікаў. Змены і ў навучальным працэсе, і ў фарматах навучання за апошнія дзесяцігоддзі адбыліся значныя, і яны патрабуюць прынцыпова новую інфраструктуру ў тым ліку і з пункту гледжання архітэктуры», — тлумачыць кіраўнік упраўлення маркетынгу «А-100 Дэвелапмент» Кацярына Лапушынская.

Асноўным колерам экстэр'ера школы стане белы, але фасад будзе выглядаць па-рознаму ў розны час сутак з-за адмысловага рэльефнага аздаблення. Яна стварае цені і глыбіню ў залежнасці ад умоў асвятлення і пункту агляду. Яшчэ на ўзроўні архітэктурнага праекта прадумалі і транспартнае злучэнне — непадалёк ад уваходу ў школу будзе абсталявана гасцявая паркоўка для аўтамабіляў бацькоў і прыпынак грамадскага транспарту. Непасрэдна тэрыторыя навучальнай установы будзе цалкам абгароджана. Увогуле ўсё як вы бачылі ў амерыканскіх фільмах пра найлепшыя школы.

Пачатковая і сярэдняя школы будуць знаходзіцца ў розных блоках будынка. Малыя і старэйшыя хлопчыкі і дзяўчынкі практычна не будуць перасякацца. Агульнымі ў іх будуць толькі спартыўная і актавая залы, а таксама кафэ-сталовая. Дарэчы, актавая зала будзе «трансформерам» і зможа гнутка зменьваецца пад фармат мерапрыемства, якое ў ёй праводзіцца. Проста на фасадах школы размесцяцца цытаты навукоўцаў, мысляроў і бізнэсменаў-візіянераў, якія закліканы натхняць вучняў. З'явіцца і паўнавартасны ўнутраны дворык, дзе школьнікі змогуць камунікаваць і праводзіць вольны час усе разам.

Мабыць, самай смелай і незвычайнай асаблівасцю школы стане эксплуатаваны дах. Дадзенае рашэнне ўвасабляецца ўпершыню ў Беларусі. Выхады «на дах» плануецца зрабіць з бібліятэкі і камп'ютарных класаў. «Школьнікі і так занадта шмат часу праводзяць у закрытых памяшканнях. Таму мы і вырашылі выкарыстоўваць дах як чытальную залу, а таксама для таго, каб на пару хвілін адцягнуцца ад манітора камп'ютара і падыхаць свежым паветрам», — тлумачаць у кампаніі «А-100 Дэвелапмент».

На перапынку школа звычайна гудзе, як растрывожаны вулей. Таму будуць створаны адмысловыя «куткі цішыні» — для таго, каб хлопчыкі і дзяўчынкі маглі, напрыклад, спакойна патэлефанаваць бацькам ці паўтарыць хатняе заданне.

Такім чынам, школу плануецца поўнасцю адаптаваць пад патрэбы школьнікаў, стварыўшы для іх камфортны сучасны асяродак для вучобы. Напрыклад, будуць створаны — вы толькі ўявіце сабе! — спецыяльныя зоны адпачынку для старшакласнікаў. Мы ў сваім дзяцінстве думалі, што для гэтага дастаткова школьных калідораў…

Памятаеце, як стандартна выглядае вестыбюль практычна любой беларускай школы? «Будка» вахцёра, распранальні і трохі вольнай прасторы. У новай школе вестыбюль стане вялікім амфітэатрам, дзе школьнікі могуць гутарыць, гуляць, паўтараць ўрокі… Увогуле, займацца сваімі школьнымі справамі ў зручным для сябе фармаце. Такое мы бачылі ў гімназіі Орэстад у Капенгагене, будынак якой быў прызнаны «найлепшым будынкам Скандынавіі».

Школа стане часткай вялікага комплексу, які аб'яднае дзве навучальныя ўстановы (усяго ў Новай Баравой будзе пабудавана 4 новыя школы) і фізкультурна-аздараўленчы комплекс. ФАК здадуць у эксплуатацыі адначасова з першай школай. Там будзе абсталяваны гімнастычная і трэнажорная залы, а таксама з'явіцца паўнавартасны 25-метровы басейн. Усе тры будынкі будуць злучаныя вытанчанымі шклянымі галерэямі. Зрэшты, карыстацца паслугамі ФАК змогуць не толькі школьнікі, але і дарослыя жыхары Новай Баравой, але ўжо ў вячэрні час і за грошы.

І самае галоўнае — стваральнікі хочуць прыўнесці ў гэтую школу дух свабоды. Таму ў афармленні школы будзе шмат авіяцыйнай тэматыкі: на фасадах будуць выкананыя ілюстрацыі на тэму гісторыі развіцця авіяцыі і паветраплавання. «Бо тут быў раней аэрадром. Мы хочам, каб гісторыя гэтага месца і назапашаная пазітыўная энергія палётаў захавалася», — распавядае Кацярына Лапушынская.

«Школа будучыні» ў Новай Баравой — адзін з самых (калі не самы) незвычайных і смелых праектаў навучальнай установы ў нашай краіне. Дзеці — будучыня нашай краіны, і яны заслугоўваюць сучасныя школы еўрапейскага ўзору», — рэзюмуе Кацярына Лапушынская.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0