Заслугоўвае ўвагі тое, што ў Маладэчне 4 верасьня адбылася навукова‑краязнаўчая канфэрэнцыя «Шляхамі Вацлава Ластоўскага». Натхняльнікам і настойлівым рухавіком яе правядзеньня зьявіўся вядомы краязнаўца, літаратуравед і гісторык Міхась Казлоўскі.

Яму ўдалося дабіцца вельмі высокага ўзроўню падрыхтоўкі гэтай канфэрэнцыі. І па форме, і па зьмесьце яе бязь ценю іроніі ня грэх было б аднесьці да імпрэзы абласнога ці нават рэспубліканскага ўзору. «У колеры» для кожнага ўдзельніка падрыхтаваны запрашэньне, праграмка, зборнік тэзісаў, вельмі ж адметны зьмест згаданых тэкстаў.

У пятнаццаці прапанаваных выступленьнях глыбока і рознабакова аналізуюцца філязофскі сьветапогляд, жыцьцёвы і творчы шлях Вацлава Ластоўскага, яго значэньне для Беларусі. Кожны аўтар уносіў нешта сваё, адметнае ў сказе пра Власта. Шырока была прадстаўлена і геаграфія ўдзельнікаў: Вілейка, Горадня, Крэва, Маладэчна, Менск, Слонім, Смаргонь.

Мяне асабіста ўразіла сьцішаная ўвага залі, канцэнтраванае слуханьне выступоўцаў. Заля дарэчы, была перапоўненая: вучоныя, выкладчыкі, настаўнікі, студэнты, навучэнцы, пэнсіянэры… Работнікі бібліятэкі ўсё падстаўлялі і падстаўлялі крэслы для новых прыбываючых удзельнікаў….

Доўга, па‑сапраўднаму шырока, ва ўвесь голас не было чуваць Вацлава Ластоўскага на Крэвіі‑Беларусі. Дык хай жа ён вяртаецца годна, з павагай. Памяць пра таленавітага ідэоляга адраджэньня роднай зямлі, таленавітага вучонага і творцу, слыннага сына Радзімы — спамянём яго часьцей!..

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?