Позна ўвечары ў суботу каля Львова выбуховым прыстасаваннем пашкодзілі аўтобус, у Міністэрстве замежных спраў лічаць гэта правакацыяй да прыезду ва Украіну 13 снежня польскага прэзідэнта Анджэя Дуды, піша Украінская праўда.
Пра інцыдэнт паведаміў у фэйсбуку дэпутат Львоўскай гарадской Ігар Зінкевіч.
«9 снежня каля 23:20 на кальцавой дарозе на стаянцы гатэля «Панская Гара» невядомым выбуховым прыстасаваннем пашкодзілі знешнюю абшыўку і бакавую шыбу аўтобуса маркі МАN на польскай рэгістрацыі», - напісаў ён.
Зінкевіч адзначыў, што ў момант выбуху ў аўтобусе нікога не было. «Пацярпелых няма», - дадаў дэпутат.
У той жа час міністр замежных спраў Павел Клімкін рашуча асудзіў інцыдэнт у Twitter.
«Хтосьці настойліва спрабуе пасварыць нас з Польшчай і сарваць візіт прэзідэнта Анджэя Дуды. Зробім усё, каб расследаваць гэты інцыдэнт. А правакатарам скажу - не атрымаецца!», - напісаў міністр.