Здарэнне адбылося ў нядзелю ў 4.30 раніцы ў Вілейцы, піша kraj.by

Машына ратавальнікаў ехала на пажар па вул. 17 верасня з боку касцёла з уключанымі сінімі маячкамі. Ад прыпынку каля Дома быту, дзе знаходзіцца кафэ, пачаў ад'язджаць «Фальксваген Пасат».

Пажарная машына рухалася ў сустрэчным кірунку, але ёй давялося аб'язджаць па «сустрэчцы» таксі, што стаяла на дарозе. «Пасат» не саступіў ёй дарогу, хоць ратавальнікі мелі перавагу ў руху. Машыны сутыкнуліся. Каля бара ўтварыўся натоўп, і ў ім пачалі сварку тыя, хто сядзеў у легкавіку.

Каля 9.00 кіроўцу «Фальксвагена» знайшлі ў хаце ў вёсцы Куранец. Машына належыць іншаму жыхару аграгарадка, які таксама быў у салоне падчас аварыі.

На 18-гадовага кіроўцу склалі сем пратаколаў. Толькі за кіраванне ў нецвярозым стане яго чакае штраф ад 50 да 100 базавых (да 2300 рублёў). Акрамя таго, ён быў без правоў, здзейсніў ДТЗ, пакінуў месца ДТЗ, а машына была без тэхагляду.

У самой аварыі ніхто не пацярпеў, аўтамабілі атрымалі механічныя пашкоджанні. МАЗ ратавальнікаў пры гэтым застаўся на месцы здарэння, на пажар замест яго выехала іншая машына.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0