Пачаўся суд па справе махлярства, калi удзельнiкi арганiзаванай групы iнсцэнавалi ДТЗ i зараблялi на страхоўках, у панядзелак, 11 снежня. На лаве падсудных 24 чалавекi. Справу разглядае суддзя Дзяніс Раманішка, піша Hrodna.life

У зале суда Кастрычнiцкага раёна каля 70 чалавек: абвiнавачаныя, iх родныя, знаёмыя, адвакаты, журналiсты. Досыць голасна ад абмеркаванняў.

— Вы падрыхтавалi дакументы? — пытаецца адвакатка ў маладога хлопца, аднаго з фiгурантаў справы.

— Часу не было, — адгаворваецца малады чалавек.

— За некалькi месяцаў часу не было? Ужо пачынаецца судовае паседжанне.

У арганiзаваную злачынную групу ўваходзiлі 24 асобы. У групе размеркавалi ролi. Дзейнічалі з пачатку 2015 па восень 2016 года.

Выкарыстоўвалi простую схему. Шукалi пашкоджаныя аўтамабiлi і іх уласнікаў. На дарозе інсцэнавалі ДТЗ, калі пашкоджаная машына і машына аднаго з удзельнікаў злачыннай групы сутыкаліся. Пасля ўласнік пашкоджанай машыны звяртаўся ў страхавую кампанію па страхавую выплату, нібыта адбыўся страхавы выпадак. Пачыналася з сумаў 4-6 млн рублёў (старымі грашыма), пасля сумы выраслі да 60-100 млн.

Сярод пацярпелых кампаній: «Белдзяржстрах», «Белнафтастрах’, «Промтрансінвест», «Таск».

Чацвёра абвінавачаных хлопцаў знаходзяцца пад вартай, падчас суда сядзяць у «клетцы», астатнія сядзяць на лавах у зале. У групе ўдзельнічалі таксама тры дзяўчыны. Адна з іх працуе бармэнам у КУП «Гроднааблкінавідэапракат».

Самаму малодшаму ўдзельніку 21 год. Большасць фігурантаў ва ўзросце 20-30 год. Адукацыя ва ўдзельнікаў ад сярэдняй да вышэйшай. Сярод іх адзін студэнт і адзін жаўнер тэрміновай службы. У многіх з абвінавачаных ёсць малыя дзеці.

Разгляд справы абяцае быць доўгім. На стале ў суддзі 25 тамоў справы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0