11.12.2017 / 16:16

21 снежня ў Мінску — вясёлае свята для дзетак і іх бацькоў 2

У кавярні «Грай» (вул. Інтэрнацыянальная, 33) а 17-й — прэзентацыя новай кнігі Свена Нурдквіста «Калядная каша» па-беларуску.

У Швецыі на Каляды дзеці чакаюць Каляднага Гнома і гатуюць яму адмысловую калядную кашу з рысу і малака. Але гномы, як і Дзяды Марозы, бываюць сапраўднымі і не. Сапраўдных гномаў ніхто не бачыць, але менавіта яны дапамагаюць людзям і ведаюць пра іх усё. Кожныя Каляды гномы вельмі чакаюць свайго каляднага пачастунку. Што можа здарыцца, калі людзі забываюць пачаставаць гномаў каляднай кашай, вы даведаецеся з кнігі Свэна Нурдквіста «Калядная каша»…

Урывак з новай кнігі папулярнага шведскага аўтара прачытае і заспявае свае песні для дзетак Зміцер Вайцюшкевіч. Можна будзе частавацца сапраўднай шведскай каляднай кашай, піць какаву, слухаць казку і забаўляцца.

Перакладчыца гэтай і іншых сучасных шведскіх дзіцячых кніг Надзея Кандрусевіч распавядзе пра сваю працу і адкажа на пытанні.

На мерапрыемстве таксама будзе прэзентаваны зборнік аўдыёкніг па творах Свэна Нурдквіста «Пэтсан і Фіндус» на трох CD — усе гісторыі вядомага шведскага аўтара (9 кніг) пра прыгоды старога Пэтсана і ягонага катка Фіндуса ў агучцы па-беларуску Ганны Хітрык і Паўла Харланчука.

Пачатак 21 снежня (чацвер) а 17-й гадзіне. Уваход вольны!

0
хамса / Адказаць
11.12.2017 / 17:29
з задавальненнем чытала малому яго гісторыі пра Пэтсана і Фіндуса.. захапляльна і з гумарам піша.. і малюнкі (якія сам жа і малюе) таксама падабаліся
0
Ірына / Адказаць
20.12.2017 / 15:09
хамса, поўнасцю згодна. Таксама чыталі. Хацелася б паболей перакладаў на беларускую моу твораў дзіцячых пісьменнікаў іншых краін свету.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру