Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп рыхтуецца падпісаць «Дырэктыву № 1 па касмічнай палітыцы», згодна з якой амерыканскія астранаўты неўзабаве будуць здзяйсняць «пілатаваныя палёты на Месяц і назад, а ў канчатковым выніку адправяцца на Марс». Пра гэта са спасылкай на заяву намесніка прэс-сакратара Белага дома Хогана Джыдлі паведамляе Reuters.

Дакумент, як удакладнілі ў адміністрацыі кіраўніка ЗША, будзе падпісаны ў панядзелак, 11 снежня. Нацыянальнаму ўпраўленню па аэранаўтыцы і даследаванні касмічнай прасторы ЗША (NASA) будзе даручана «правесці інавацыйную праграму асваення космасу».

Дата падпісання новай дырэктывы, адзначае выданне Spacenews, супадзе з юбілеем пілатаванай місіі амерыканскага касмічнага карабля «Апалон-17» на паверхню Месяца. Шостая і апошняя высадка на спадарожнік Зямлі адбылася 11 снежня 1972 года. Астранаўты Юджын Сернан і Харысан Шміт тады заставаліся на Месяцы крыху больш за трох сутак. За гэты час яны здзейснілі тры выхады з карабля, падчас якіх сабралі і прывезлі на Зямлю 110,5 кг узораў месяцовай пароды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0