Да пераезду ён працаваў у Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, рэдагаваў часопіс «Спадчына», але ў нейкі момант адчуў, што яго дзейнасць на гэтых пасадах сябе вычарпала. Памерла пасля працяглай хваробы жонка, бацькоў не стала, дачку спадар Захар выдаў замуж, таму, калі на яго шляху сустрэлася каханая, тут яго больш нічога асабліва не трымала.

Вывучыўшы іўрыт, Шыбека уладкаваўся ў Тэль-Авіўскі універсітэт, дзе заняўся даследаваннем гісторыі яўрэяў Беларусі. За мінулыя пяць гадоў у яго жыцці змянілася многае: нарадзілася двое сыноў, Мацей і Сымон (другі сёлета ў жніўні), у гэтым годзе ён стаў прафесарам-эмерытам Тэль-Авіўскага ўніверсітэта.

Нягледзячы на геаграфічную аддаленасць ад роднай краіны, Шыбека працягвае ўжываць беларускую мову ў паўсядзённым жыцці і працуе над некалькімі новымі кніжкамі па гісторыі. Пра сваю навуковую дзейнасць, аб жыцці ў Ізраілі, а таксама пра тое, як заставацца ў тонусе ў любым веку, ён і распавёў «Нашай Ніве».

Захар на працоўным месцы. Справа — з жонкай Дар'яй. Яна маладзейшая за яго на 38 гадоў.

Захар на працоўным месцы. Справа — з жонкай Дар'яй. Яна маладзейшая за яго на 38 гадоў.

«НН»: Вы эмігравалі ў Ізраіль у 2012 годзе, праз год казалі, што ні аб чым не шкадуеце, а пасля не было расчараванняў?

Захар Шыбека: Я і цяпер лічу: правільна зрабіў, што эміграваў. У «Советской Белоруссіі» мне не было чаго губляць. Дакладна ведаю, што, калі б застаўся, старэў бы і хварэў, бо там я вычарпаў свае магчымасці. Аднак згубіць Айчыну немагчыма: яна застаецца ў памяці і пачуццях.

Дзякуючы эміграцыі, мне ўдалося зрабіць якасны скачок у асабістым і навуковым жыцці, не спыніцца ў развіцці: узбагаціцца новымі ідэямі, марамі, уражаннямі, вызваліцца ад стэрэатыпаў несвабоднага грамадства. Я стаў разумець іўрыт і ізраільцян, арабскі свет і яго падабенства да рускага свету. Засвоіў старабеларускую мову, каб даследаваць гісторыю сужыцця яўрэяў і неяўрэяў Вялікага Княства Літоўскага.

«НН»: Вы жывяце ўсё так жа ў Хайфе, куды спачатку і пераехалі? Чым там зараз займаецеся?

ЗШ: З гэтага года я — прафесар-эмерытус Тэль-Авіўскага ўніверсітэта. У Ізраілі ўсіх мужчын 67-гадовага ўзросту адпраўляюць на пенсію. Мне дазволілі папрацаваць да 68-мі, каб я мог завяршыць збор матэрыялаў для кнігі.

Я працягваю займацца навукай як вольны мастак. Стала менш клопатаў: не трэба ездзіць на працу з Хайфы (гэта займае гадзіну на цягніку). Чакаю рашэння кіраўніцтва Тэль-Авіўскага ўніверсітэта аб стварэнні Інстытута яўрэяў Беларусі.

Пабудаваць тут уласную хату, відаць, ужо не змагу, бо вельмі дорага. Траціна ізраільцян і амаль палова выхадцаў з былога СССР жыве ў арандаваных кватэрах. Адзіная перавага такога становішча — тое, што ў пошуках добрай працы і задавальнення новых патрэбнасцяў сям’і можна лёгка мяняць месца жыхарства.

«НН»: Увогуле, займаючыся навукай, магчыма пракарміць сям’ю ў Ізраілі?

ЗШ: Калі муж і жонка працуюць, то можна. У маім выпадку ўзнікла парадаксальная сітуацыя. Уласна я, прафесар, пракарміць сям’ю цяпер не ў стане. Беларускай пенсіі пазбавіўся, а ў Ізраілі яе не зарабіў. Атрымліваю толькі дапамогу па старасці. Таму сціплы дастатак маёй сям’і трымаецца на працы жонкі Дар’ечкі. Яна цягне сямейны воз, каб муж мог займаецца навукай. Менавіта так рабілі яўрэйкі і ў даўняй Беларусі, часова вызваляючы сваіх мужоў для вывучэння Торы.

«НН»: Вы бываеце на радзіме? Ці змянілася ў Беларусі нешта з моманту вашага ад’езду — наколькі, канечне, можна рабіць высновы на адлегласці)?

ЗШ: Я кожны год прыязджаю ў Мінск: там жыве мая дачка Ірына. Наведваю таксама родную вёску Асінаўка.

Сваёй інтэлектуальнай непарыўнасцю з Беларуссю я абавязаны незвычайнай жанчыне са Случчыны — Ларысе Лазарэвіч. Яна прайшла цяжкі шлях ад простай гандляркі да ўладальніцы групы кампаній «Менка». Ларыса першай у Беларусі зразумела важнасць ведання гістарычнага досведу прадпрымальніцтва для бізнэсу, і ў лістападзе 2013 года запрасіла мяне ўзяцца за навуковае кіраўніцтва: напісаць калектыўную навуковую манаграфію «Гісторыя рознічнага гандлю ў Беларусі».

Агулам над ёй працуюць 27 навукоўцаў. Самаахвярная беларуская патрыётка дагэтуль, у меру сваіх магчымасцяў, фінансуе дадзены праект. Як мінімум гэты факт сведчыць аб ўзрослай зацікаўленасці жыхароў Беларусі да сваёй гісторыі.

Шыбекі старэйшыя і малодшыя: справа сыны Мацей і Сымон.

Шыбекі старэйшыя і малодшыя: справа сыны Мацей і Сымон.

«НН»: Дарэчы, як пажывае ваша родная вёска? Якая будучыня ў цэлым чакае нашы невялікія сёлы, як вы лічыце?

ЗШ: Мая родная Асінаўка (поўдзень Віцебшчыны) узнікла як засценак у 16 стагоддзі. Там жыла шляхта Зарубіцкіх. Такое прозвішча насіла і мая маці. Зараз вёска памірае. Бацькоўская сядзіба зарасла пустазеллем і кустоўем. Перспектыў на адраджэння няма, бо яна знаходзіцца ў мядзведжым куце на сутыку трох раёнаў: Сенненскага, Талачынскага і Чашніцкага. Такі лёс напаткае ўсе вёскі Беларусі, што месцяцца ў далечыні ад транспартных магістраляў і бойкіх гарадоў. Праз гэтыя страты ўжо прайшлі заходнееўрапейскія краіны. А спусцелыя тэрыторыі, як вядома, прыцягваюць імігрантаў.

«НН»: У інтэрв’ю belarus-israel.by у 2013 годзе ў адказе на пытанне, чаму беларусы не так уважлівы да сваёй гісторыі, як яўрэі, вы адказалі, што будзеце працягваць займацца параўнаннем жыцця двух народаў. Што новага вы для сябе адкрылі ў гэтым кірунку?

ЗШ: Яўрэі стварылі ўласную персанальную рэлігію — іўдаізм, які кананізаваў асобныя падзеі мінулага, часткова рэальныя, часткова міфічныя. Ніякі іншы еўрапейскі народ не абагаўляў сваю гісторыю. Даследаванне параўнаўчай гісторыі беларусаў і яўрэяў працягваецца.

«НН»: Аляксандр Лукашэнка апошнім часам часцяком рэкламуе краіну як будучую IT-дзяржаву, але ці набліжаемся мы ў тэхнічным плане да Ізраіля хаця б крыху?

ЗШ: Думаю, што стаць IT-дзяржавай Беларусі без страчаных яўрэяў, з’ехаўшых з краіны беларускіх інтэлектуалаў ды без не набытага майстэрства рабіць капіталы для інвестыцый у навуку будзе складана.

«НН»: Пяройдзем ад грамадскага да асабістага. Вы расказвалі, што ў першую чаргу пераехалі ў Ізраіль за будучай жонкай, якая там вучылася. А як вы пазнаёміліся з Дар’яй?

ЗШ: Мы ўпершыню ўбачыліся дзесяць гадоў таму ў цягніку, а на маёй лекцыі ў ЕГУ упершыню сустрэліся. Дар’я была ў нечым падобная да маёй першай абранніцы Сафіі, якая змагалася за жыццё на працягу 17 гадоў, але, на жаль, памерла. Дар’я вельмі добрая, мудрая і шчырая, да таго ж вельмі артыстычная. Яна змагла выклікаць трапятанне маёй душы — і я згубіў розум.

«НН»: Дар’я скончыла навучанне, чым займаецца сёння?

ЗШ: Яна атрымала дзве вышэйшыя адукацыі — псіхолага і журналісткі. Але ў Ізраілі такія прафесіі аказаліся не запатрабаванымі, таму яна дадаткова скончыла медыцынскі каледж і цяпер працуе медыцынскай сястрой с правамі фельдшаркі. Марыць стаць доктаркай.

«НН»: Вам 69 гадоў, і нядаўна ў вас нарадзіўся другі сын. Прабачце, але некаторыя мужчыны ў такім узросце ўжо нічога не могуць — адбіваюцца і цяжкія ўмовы працы, і ўласная лянота… Як вы трымаеце сябе ў тонусе?

ЗШ: Гэта ад продкаў: мой род пладавіты. Прозвішчы Шыбека, Шабека вельмі распаўсюджаныя ў Беларусі. Каб быць здаровым, акрамя добрых генаў, патрэбная матывацыя жыць не толькі доўга, але і якасна. Дар’я і сыночкі ратуюць мяне ад роспачы, якая наступае з гадамі ў выніку расчаравання ва ўсім.

Кожны, хто хоча жыць прадуктыўна, мусіць забяспечваць у сваім арганізме добрыя крывацёк і абмен паветра, вады, ежы. А набор сродкаў для таго — індывідуальны. Мне дапамагае ёга, але яна не з’яўляецца панацэяй для ўсіх.

Здаровы лад жыцця адганяе хваробы. Праўда, для вядзення яго ва ўмовах сучаснай цывілізацыі патрэбныя немалыя сродкі. Не кожны можа дазволіць сабе, напрыклад, якаснае харчаванне, хоць, безумоўна, лепш траціцца на натуральныя прадукты, чым на лекі.

«НН»: Ці прасцей гадаваць і выхоўваць дзяцей у Ізраілі?

ЗШ: У Ізраілі аплатны адпачынак па дагляду за дзецьмі для жанчыны працягваецца толькі 15 тыдняў. Маці мае права прадоўжыць яго за свой кошт да паўгода або года, гледзячы якія ў яе прыярытэты ў жыцці і які дастатак у сям’і. Калі патрэбныя грошы, то дзіця можна аддаць у яслі з трох месяцаў і працягнуць працу. Беларускія жанчыны маюць трохгадовы дэкрэтны адпачынак, але за гэты час губляюць прафесійныя навыкі.

Адукацыя ў Ізраілі будуецца на ўзор ЗША. Шануецца нестандартнае мысленне і адкідваецца ўсялякі прымус. Таленавітым дзяцям ізраільская школа дае шанец стаць знакамітымі. Але ўсёдазволенасць не ўсім ідзе на карысць.

«НН»: А хто займаецца гаспадаркай у вашай сям’і, як падзеленыя абавязкі?

ЗШ: Мы робім усё разам. Нават дзяцей нараджалі разам: я прысутнічаў пры родах у бальніцы і дапамагаў Дар’і пераадолець гэтае выпрабаванне. Праўда, для мяне і сэксізм, і фемінізм зусім чужыя паняцці.

Бог падзяліў нас па поле дзеля прадаўжэння жыцця на зямлі. І гэтая ідэя вымагае ад прадстаўнікоў рознага полу дапамагаць адзін аднаму, паважаць і ўзаемадапаўняць, а не весці паміж сабой вайну.

Ці не з-за гэтых канфліктаў полаў сучасныя еўрапейскія супольнасці выміраюць?

«НН»: Вы працягваеце ўжываць беларускую мову ў хатніх умовах? Ці размаўляюць на ёй вашы жонка і дзеці?

ЗШ: Так, з жонкай размаўляем, старэйшага сына Мацейку знаёмім з «Беларускай чытанкай», а перад сном, штовечар, закалыхваю сваё сямейства песняй «Колькі ў небе зор — цяжка падлічыць…». Пад яе яны хутчэй засыпаюць, а я саджуся за навуковую працу.

«НН»: Што вы расказваеце дзецям пра Беларусь? Як думаеце, ці будзе ў іх жаданне пабываць тут, а, можа, і пажыць?

ЗШ: Мой расказ пра Беларусь яшчэ наперадзе. Хай спачатку падрастуць. А мне ёсць пра што ім расказаць. Я не сумняюся ў тым, што Беларусь і Ізраіль стануць для маіх сыноў вельмі блізкімі краінамі. Але паколькі антысемітызм невынішчальны, то лепш за ўсё, на маю думку, ім жыць у Ізраілі.

«НН»: Ці чакаць ад вас нейкіх новых гістарычных кніжак, артыкулаў? Калі так, то што гэта будзе?

ЗШ: Я маю шчаслівую мажлівасць жыць у Ізраілі, а працаваць для Беларусі і ствараць тэксты на беларускай мове. Зараз на маім працоўным стале — аўтарскія тэксты раздзелаў для «Гісторыі рознічнага гандлю Беларусі». Калі не падвядуць аўтары, то кніга можа выйсці ў свет у канцы наступнага года. Гэта будзе незвычайная навуковая праца. За чатыры гады працы ў Цэнтры яўрэйскай дыяспары пры Тэль-Авіўскім універсітэце мной назапашана шмат матэрыялаў пра гісторыю яўрэяў Беларусі.

На працягу наступных пяці гадоў планую выдаваць кнігі у такой паслядоўнасці: «Піцейны гандаль ВКЛ і ўдзел у ім яўрэяў», «Яўрэі Мінска пад уладай расійскіх імператараў», «Яўрэйскі гандаль у ВКЛ». Праўда, гэты план, можа, прыйдзецца і скарэктаваць, калі Дар’я зробіць мне чарговы падарунак у выглядзе спадкаемцы. Ва ўсякім разе, хачу і ў далейшым, пакуль буду ў стане нешта ствараць, заставацца ў думках у Вялікім Княстве Літоўскім.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?