Вольга Антонава загадвае аддзяленнем уралогіі «Ладэ», ужо два гады як. У аддзяленні ўсяго адна жанчына — яна. Ды і ўвогуле, на ўвесь Мінск жанчын-уролагаў па пальцах можна пералічыць. Вольга кажа, што дзяўчаты, якія хочуць трапіць са сваёй праблемай менавіта да жанчыны-ўролага, едуць да яе з усёй краіны. Таму выходзіць, што з пацыентамі недзе 50/50 — палова мужчын, палова жанчын.

«Ніна»: Ведалі, што станеце доктаркай?

Вольга: Маці была стаматолагам, і наша з братам дзяцінства прайшло ў яе стаматалагічным кабінеце, ён знаходзіўся ў нашым доме. Таму ведала, што пайду ў медыцыну. Я з дзяцінства мела да гэтага схільнасць, лячыла свайго сабаку, рабіла яму ўколы, роды прымала. Мне было цікава.

Адзінае, вырашыла, што стаматалогія — занадта вузкая спецыяльнасць для мяне, і пайшла на лячэбны факультэт.

«Ніна»: Як жа трапілі ва ўралогію?

Вольга: Я не марыла быць уролагам. Мне падабаліся хірургічныя спецыяльнасці, дзе трэба не проста кансультаваць, а рабіць нешта рукамі. Але калі прыйшоў час размеркавання, мне прапанавалі абраць адно з двух: альбо траўматолаг, альбо ўролаг. Іншых варыянтаў на той момант не было.

Памятаю, прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя глянуў на мяне, а я тады была мініяцюрная, 52 кілаграмы ўсяго важыла, і сказаў: «Вам толькі на ўролага, ну які з вас траўматолаг?» Там у чым справа: траўматолагу трэба часам і вывіх управіць, і пазіцыю пералому скарэктаваць, часцяком неабходная мужчынская сіла. Вось так з лёгкай рукі гэтага прадстаўніка міністэрства я і стала ўролагам, за што яму вялікі дзякуй.

Калі я ўжо размеркавалася ў паліклініку, год стажыравалася ў найлепшых спецыялістаў вядучых цэнтраў і паспела палюбіць сваю спецыяльнасць. Насамрэч, уралагічная сфера шматгранная. Гэта вяртанне рэпрадуктыўнага здароўя, магчымасць мець дзяцей, магчымасць падвысіць якасць жыцця. Палавое жыццё — вельмі важны аспект, адзін з найважнейшых. Таму калі прыносіш чалавеку радасць — ці з’яўляецца дзіця, ці вяртаецца ўзаемаразуменне ў сям’ю, — гэта вельмі цешыць, ты бачыш вынік сваёй працы.

Вольга Антонава.

Вольга Антонава.

«Ніна»: Як рэагавалі мужчыны, якія прыходзілі да ўролага і бачылі жанчыну-доктара?

Вольга: А ў паліклініцы няма выбару, бясплатная сацыяльная медыцына яго не дае. Але ў мяне было вельмі мала выпадкаў, калі нехта ўпадаў у ступар. Калі ў чалавека ёсць праблема, ён ідзе і вырашае яе. Доктар — гэта ж бясполая істота. У прыватным цэнтры, безумоўна, ёсць выбар. Але тыя, хто трапляюць да мяне, пасля прыходзяць зноў.

У жанчын ёсць рысы, якіх няма ў мужчын. Такт, асаблівая далікатнасць, мяккасць, спакой, разважлівасць. Жанчына, як правіла, усё падрабязна тлумачыць. Многія мужчыны баяцца ўролагаў, ім не патрэбны грубы брутальны мужчынскі падыход. Ім трэба спакойна ўсё патлумачыць, яны прыходзяць да доктара як да маці.

«Ніна»: Як дараслі да кіраўніка?

Вольга: Спачатку быў звычайны прыём у звычайнай паліклініцы, дзе мяне цярпліва ўсяму вучылі. Пасля сышла ў дэкрэтны адпачынак, а выйшла ўжо ў спецыялізаваную медыцыну, стала супрацоўнікам МУС, але без пагонаў. Там, канечне, быў больш высокі ўзровень. Цудоўны стацыянар, замацаваны за паліклінікай, з выдатным аддзяленнем, з дактарамі-энтузіястамі. Там я атрымала ўсе свае рэгаліі. Але калі скарачалі стаўкі, маю ўрэзалі напалову, бо я прыйшла да іх апошняй. І я вырашыла сысці.

Тады я і трапіла ў «Ладэ», дарэчы, на той момант аддзялення яшчэ не было. Яно пачало фарміравацца толькі з адкрыццём цэнтра на Незалежнасці, калі мы сталі пашырацца і набіраць штат. Так мы і разрасліся да 11 чалавек.

Тут ужо ў мяне пад рукой быў УГД-апарат, а ён дае шмат магчымасцяў для прафесійнага росту. Засвоіла УГД-дыягностыку, стала адчуваць сябе больш паўнавартасным спецыялістам. І аддзяленне паўнавартаснае, сюды дактары прыходзяць ужо з імем, з досведам.

Наконт кіравання… У мяне не было вялікага жадання менавіта кіраваць. Але калі кіраўнік вырашыў, што будзе так, няхай будзе так. Тут трэба ўмець камунікаваць з людзьмі, мусіць быць і пэўны такт, і пэўная строгасць, бо кіраўнік не можа быць лаяльны да ўсяго. Ён павінен быць дэмакратычным, справядлівым, абараняць сваю каманду, але там, дзе трэба, мусіць і паўшчуваць, патлумачыць, што чалавек не мае рацыі.

Не буду сціплай, скажу, што ўсе нашы дзесяць дактароў, цудоўныя. У мяне да іх ніколі не было нейкай унутранай незадаволенасці, я не магу вылучыць сярод іх «любімчыка» ці «нелюбімчыка». Усе выдатныя, дасведчаныя дактары, умеюць камунікаваць з людзьмі.

«Ніна»: А ўвогуле, у чым перавагі жанчыны-кіраўніка?

Вольга:

Жанчына-кіраўнік — гэта складаней. Тым больш, калі падначаленыя — мужчыны. Тут трэба дзесяць разоў падумаць, што сказаць і як сказаць, знайсці тактоўны падыход, каб чалавеку зразумела ўсё данесці. Калі штосьці эмацыйнае «ляпнеш», тут такое не пракаціць. Скажуць нешта накшталт: «Зноў у яе дрэнны настрой». Мужчына-кіраўнік, напэўна, можа дазволіць сабе больш.

У мяне дэмакратыя. Мы імкнёмся адно аднаго прафесійна падтрымліваць. Калі ў кагосьці з трох дактароў на змене ўзнікае пытанне, калі складаны выпадак у пацыента, заўсёды збіраецца кансіліум і мы разам глядзім, што маем. Я заўсёды імкнулася, каб мы выручалі адно аднаго, не падстаўлялі. У маім разуменні, прафесійная этыка мусіць стаяць на першым месцы.

Можа, нехта за спінай і незадаволены тым, як я кірую, але ніхто мне пра гэта не казаў. Я імкнуся, каб ва ўсіх былі роўныя магчымасці для развіцця, працы. Гэта вельмі важна.

«Ніна»: Чаму жанчын-уролагаў мала? Вось мужчын-гінеколагаў шмат.

Вольга: Лічыцца, што гэта не жаночая прафесія. Калі казаць пра клініку, стацыянар, то гэта вельмі цяжкая хірургічная спецыяльнасць. З цяжкімі аперацыямі, з вялікімі фізічнымі нагрузкамі. Але што тычыцца амбулаторнага прыёму, дзе патрэбныя толькі невялікія маніпуляцыі, я лічу — цудоўная спецыяльнасць для жанчыны. Хтосьці, можа, проста баіцца. Ніхто ж асабліва не разумее, што гэта, пакуль не паспрабуе.

Можа, камусьці не вельмі хочацца працаваць пераважна з мужчынамі, хоць у мяне палова прыёмаў — дзяўчаты, што прыходзяць з цыстытамі, яны шукаюць менавіта жанчыну-ўролага. З усёй краіны прыязджаюць, з-за мяжы едуць, бо не могуць вырашыць свае праблемы ні ў Амерыцы, ні ў Еўропе. Там вузкага спецыяліста трэба чакаць тры месяцы, а сямейны доктар нічога, апроч антыбіётыка, не ведае, бо ў яго пратакол. Людзі, канечне, у шоку пасля таго, як іх тут уважліва аглядаюць, выдзяляюць ім шмат часу. Там па-іншаму. Так, шыкоўныя палаты, крутое медабсталяванне, але такога індывідуальнага падыходу, як у нас, там няма.

«Ніна»: Бывае, што пацыенты становяцца сябрамі?

Вольга: Часцяком, і сябрамі сям’і, і сябрамі па жыцці. Я гэта вельмі цаню. Яны давяраюць мне, а я давяраю ім, у тым ліку і сваё жыццё. Да прыкладу, адзін пацыент, інструктар па дайвінгу вельмі высокага ўзроўню, заразіў мяне сваім захапленнем.

Ведаеце, мая праца насамрэч вельмі цяжкая, яна патрабуе поўнай аддачы. Людзі розныя, і хочацца максімальна выкласціся, дапамагчы. Таму трэба аднаўляцца, каб мець сілы. Першае, што дапамагае, — гэта знаходжанне на прыродзе, другое — фізічная актыўнасць. Хтосьці знаходзіць сябе ў ёзе, камусьці падабаецца стэп ці аэробіка, а я люблю басейн, вада — гэта маё.

Калі я ўпершыню трапіла на Чырвонае мора, паплавала ў масцы, з трубкай, мяне шакавала прыгажосць. Я і не здагадвалася, што на зямлі ўвогуле ёсць такое месца: цёплае, прыемнае, камфортнае, з такой жыўнасцю. Мне захацелася паглядзець на ўсё гэта глыбей. Так мы з сынам перайшлі з надводных плаванняў у падводныя [Сыну Вольгі цяпер 16 гадоў, ён вучыцца ў 10-м класе мінскай гімназіі. У дактары не збіраецца, цікавіцца тэхналогіямі — «Ніна»].

Мы з сынам разам скончылі трохмесячныя курсы па дайвінгу. Атрымалі сертыфікаты, без якіх нельга пагружацца, і шмат дзе ўжо пабывалі. Апошняе наша пагружэнне было на Чырвоным моры, глядзелі затанулыя караблі. Тыдзень жылі на яхце ў моры, харчаваліся рыбай, якую там жа і лавілі.

Егіпет стаў тым месцам, дзе я прыходжу ў сябе ад стомленасці, дзе знаходжу сілы, каб працаваць, жыць. Там, калі плывеш на глыбіні, не думаеш ні пра што, толькі глядзіш на ўсю гэтую прыгажосць. Ідзе абмен энергіяй, перазагрузка — вельмі здорава!

«Ніна»: Раскажыце свае прафесійныя сакрэты.

Вольга: А ўсё вельмі проста — трэба проста быць добрым псіхолагам.

Першае — калі чалавек прыходзіць, трэба з ім павітацца. Людзі любяць, калі да іх звяртаюцца па імені.

Другое, самае галоўнае — высветліць, чаму чалавек прыйшоў. Адзін прыйшоў, каб ты яму напісаў, што ён здаровы, бо хоча хадзіць у басейн ці ўладкавацца на працу. Іншы прыйшоў, каб ты яму выпісаў рэцэпт. Нейкі канкрэтны, на той прэпарат, які гэтаму чалавеку дапамагае. Яму не трэба, каб ты прапаноўваў альтэрнатывы, пераконваў, гэта дарэмная страта энергіі. Трэці прыйшоў, бо ён напалоханы, ён хоча разабрацца, што з ім адбываецца і чаму баліць. Чацвёрты прыйшоў, каб пачуць пятае меркаванне наконт яго праблемы і знайсці яшчэ адно рашэнне. Пяты прыйшоў, каб проста паразмаўляць, яму сумна. Шосты прыйшоў адарвацца на сферы абслугоўвання, гэта як у «Макдональдсе» ці ЦУМе, калі чалавек прыходзіць ад пачатку незадаволены. Але такіх мала, большасць сапраўды прыходзіць па дапамогу. Карацей, трэба зразумець, чаму чалавек прыйшоў і аказаць яму тую дапамогу, якой ён чакае — усё вельмі проста.

Ну і, канечне, патрэбны такт, шчырая зацікаўленасць, добразычлівасць. Бо калі баліць, чалавеку і так дрэнна, а калі яшчэ на яго хто гыркне, дык і зусім. Трэба ставіцца да пацыентаў як да сваіх сваякоў і дапамагаць ім так, як дапамагаў бы сваім сваякам. Вось і ўсё. Але гэта патрабуе шмат высілкаў, фармалізм тут не пройдзе, яго людзі адчуваюць адразу. Трэба яшчэ і прыродную харызму мець.

«Ніна»: Адчуваеце задаволенасць ад сваёй працы?

Вольга: Безумоўна. Калі б яе не было, то такую цяжкую працу, а ў доктара вельмі цяжкая праца, немагчыма было б трываць. Дзеля чаго? Дапамога — гэта вялікая справа, гэта пакліканне, а не прафесія.

Часам затрымліваешся да ночы на працы, хоць і ў шкоду сабе і сваёй сям’і, бо перад табой сядзіць чалавек, у якога востры прастатыт з азнобам і якому трэба дапамагчы. Даеш людзям свой асабісты вайбер, бо яны павінны адчуваць сябе абароненымі. А вы пытаецеся: чаму пацыенты вяртаюцца? Ды калі ён трапіць да жанчыны, што падтрымае яго, ён абавязкова прыйдзе да яе зноў, калі спатрэбіцца дапамога.

Чытайце таксама: Ругія Кенгерлі, якая кіруе сотняй аптэк: «Мяне ўзялі прыбіраць і прыносіць каву»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?