«Журналісты за талерантнасць» заклікаюць «Нашу Ніву» не цытаваць патрыярха Кірыла, Трампа і Дашкевіча
Беларуская грамадская ініцыятыва «Журналісты за талерантнасць» уключыла «Нашу Ніву» ў спіс СМІ, якія, як сцвярджаецца, выкарыстоўваюць мову варожасці да ЛГБТ-супольнасці. Якія прэтэнзіі выстаўленыя выданню?

Патлумачым, што «Журналісты за талерантнасць» працягваюць штогадовыя маніторынгі мовы варожасці ў адносінах ўразлівых груп у беларускіх СМІ. У адкрытым доступе з’явіліся вынікі аналізу мовы варожасці ў адносінах ЛГБТК+. Гэтая абрэвіятура традыцыйна азначала супольнасць лесбіянак, гееў, бісэксуалаў, трансгендараў. Цяпер да яе далучыліся «квіры» — тыя, хто сумняецца наконт сваёй гендарнай ідэнтычнасці. Пад «+» маюцца на ўвазе ўсе астатнія — інтэрсэксуалы, асэксуалы, пансэксуалы.
Мова варожасці — моўнае канструяванне няроўнасці, ад простых заклікаў да гвалту да прыніжальна-іранічных эпітэтаў. Арганізатары даследавання заклікаюць СМІ пазбягаць такіх выразаў.
Даследчыкі на чале з каардынатарам ініцыятывы Віялетай Ермаковай прааналізавалі 2215 матэрыялаў «НН» і знайшлі ў іх восем праяваў мовы варожасці ў адносінах ЛГБТ.
«Асноўная доля некарэктных матэрыялаў — перадрукі з іншых рэсурсаў, сярод іх гамафобныя цытаты патрыярха Кірыла, Дашкевіча, трансфобныя цытаты Трампа», — такі вердыкт атрымала «Наша Ніва» ад «Журналістаў за талерантнасць».
Прывядзём фразу Трампа, у якой даследчыкі знайшлі мову варожасці: «Наша армія павінна засяродзіцца на рашучай і пераважнай перамозе, а не займацца вялізнымі медыцынскімі выдаткамі і іншымі перашкодамі, якія цягнуць за сабой вайскоўцы-трансгендары. Дзякуй». Гэта была простая цытата з яго твітара.
А вось іншы прыклад «мовы варожасці» на старонках «Нашай Нівы»:
«Законы аб аднаполых шлюбах, якія прымаюцца ў шэрагу краін, парываюць з маральнай прыродай чалавека і выклікаюць такое ж абурэнне людзей, як і законы фашысцкай Германіі», — заявіў патрыярх Маскоўскі і ўсёй Русі Кірыл. Гэта цытата з матэрыяла BBC.
Рэйтынг СМІ па жорсткасці мовы варожасці выглядае наступным чынам (у дужках указваецца канкрэтныя прэтэнзіі):
- «Спутнік» — 10,67 (мову варожасці ствараюць аўтары матэрыялаў + транслююцца гамафобныя цытаты Пуціна»).
- «Наша Ніва» — 9,29 (асноўная доля некарэктных матэрыялаў — перадрукі з іншых рэсурсаў, сярод іх гамафобныя цытаты патрыярха Кірыла, Дашкевіча, трансфобныя цытаты Трампа».
- Udf.by — 8,87 (мова варожасці не ствараецца аўтарамі матэрыялу, аднак яе шмат у артыкулах пра чачэнскія падзеі, інфармацыю пра якія журналісты транслявалі нейтральна, але падрабязна).
- «Камсамольская праўда» — 8,67 (як правіла, мову варожасці ствараюць аўтары матэрыялаў)
- «Беларускі партызан» — 8,62 (сайт транслюе гамафобныя выказванні Пазняка, Лукашэнкі, тэнісісткі Корт + гамафобныя выказванні робяць блогеры на сайце)
Звяртаюць на сябе ўвагу прэтэнзіі да некаторых іншых СМІ. Напрыклад, «Радыё Свабода», сярод іншага, вінаватае ў «нейтральным асвятленні чачэнскіх падзей, дастаткова жорсткіх саміх па сабе». Выклікае здзіўленне, што даследчыкі выстаўляюць прэтэнзіі нават «нейтральнаму асвятленню».
* * *
Як вы лічыце, ці варта «Нашай Ніве» пазбягаць прамых цытат сусветных грамадскіх дзеячаў, каб палепшыць свае пазіцыі ў наступных рэйтынгах ад «Журналістаў за талерантнасць»? Абмяркоўвайце!
***
Каментары