Аляксандр Лукашэнка паабяцаў падпісаць Дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі» да Новага года. Пра гэта ён заявіў на пленарным пасяджэнні II З'езда вучоных Беларусі, піша Tut.by.

— У свеце інфармацыйныя тэхналогіі пранікаюць паўсюль, нездарма сучасную эканоміку называюць лічбавай. Паглядзіце, што зараз адбываецца: рабатызацыя ахоплівае прамысловасць, ІТ-платформы выцясняюць традыцыйны гандаль, блокчэйн — фінансы, штучны інтэлект усё часцей замяняе чалавека ў звыклых сферах жыцця. І ў нас інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі варта накіроўваць на стварэнне інтэлектуальных сістэм, апрацоўкі звышвялікіх аб'ёмаў дадзеных, падтрымкі прыняцця рашэнняў для органаў дзяржаўнага кіравання, — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсё, што ён пералічыў вышэй, ужо развіваецца ў Беларусі.

— Гэта не проста нейкія мары. Некаторыя навукоўцы многіх дзяржаў толькі мараць пра гэта і завучваць гэтыя тэрміны, спрабуюць зразумець іх сутнасць. У нас гэта ўжо атрымала развіццё. Трэба толькі не спыняцца на дасягнутым, а дзейнічаць і ісці наперад.

На думку кіраўніка краіны, павінен выйсці на новыя гарызонты развіцця і Парк высокіх тэхналогій.

— Літаральна на днях мы грунтоўна разгледзелі праект дэкрэта, які можна назваць рэвалюцыйным. Як я і абяцаў, ён будзе падпісаны да Новага года. Ён стварае ўмовы для выхаду нашай краіны ў гэтай сферы ў лік найбольш перадавых дзяржаў, а па асобных кірунках дазволіць стаць адным з сусветных лідараў. Выканаўшы ўсе палажэнні дэкрэта, мы яшчэ пойдзем наперад у рэалізацыі амбіцыйнага праекта пабудовы ІТ-краіны, — заўважыў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0