У дэпартаменце Усходнія Пірэнеі на поўдні Францыі хуткасная электрычка пратараніла школьны аўтобус, паведамляе Рэйтэр.

Аварыя адбылася на чыгуначным пераездзе ў раёне горада Міла каля 530 км на поўдзень ад Парыжа. Паводле відавочцаў, аўтобус апынуўся на пераездзе ў момант, калі шлагбаўмы ўжо былі апушчаныя. Цягнік рухаўся з хуткасцю 80 км/г, ад удару аўтобус разарвала на дзве часткі.

Усяго ў салоне знаходзіліся 25 дзяцей ва ўзросце ад 13 да 17 гадоў. Паведамляецца аб гібелі чацвярых дзяцей. Яшчэ 19 школьнікаў былі параненыя, сямёра з іх атрымалі цяжкія траўмы. Усе пацярпелыя шпіталізаваныя. Цяжкіх параненых вывозілі чатырма верталётамі.

На месцы здарэння працуюць лекары хуткай дапамогі і ратавальнікі. Прэфектура дэпартамента стварыла аператыўны цэнтр для каардынацыі дзеянняў экстраных службаў. Дакладныя абставіны і прычыны інцыдэнту высвятляюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0