З Віктарам — усмешлівым маладым менеджарам, да якога зусім не падыходзяць такія паняткі, як «узброенае фармаванне», «злачынца», — журналіст «Новага часу» Алесь Кіркевіч пагутарыў яшчэ да заявы СК пра закрыццё «Справы патрыётаў». Але адмыслова не змянялі канцоўку — магчыма, чытач так лепш адчуе псіхалагічны стан і характар героя, лічаць аўтары.

Віктар Мароз разам з сынам

Віктар Мароз разам з сынам

Віктару 32 гады, ён — сын кадравага вайскоўца — паспеў паспытаць «армейскага хлебу» ў Сувораўскай вучэльні. Але па жыцці абраў іншую сцяжынку — прыватны бізнес. Пры гэтым цікавасць да зброі захавалася, ма­быць, на генетычным узроўні. Нягледзячы на тое, што ніхто парушаць закон нават не думаў, следчым хапіла ўніверсальнай спайкі: зброя ды «дрэнныя знаёмствы» — хлоп! — зоркі сышліся…

Зрэшты, пра ўсё па чарзе. 

«Увесь час разбіралі аўтамат Калашнікава…»

— Ты мінчук?

— Мой бацька — кадравы вайсковец, капітан, служыў у авіяцыі. Таму мы паездзілі па вайсковых гарадках: Мікалаеў, Мурманская вобласць, Магілёў, зноў Мурманск… Часта пераяз­джалі. У 1996-м — Мінск. Бацька па нацыянальнасці беларус, таму сюды ўрэшце і вярнуліся. Маці мае беларускія карані, але сама з Сібіры.

— Бацька хацеў, каб ты пайшоў па вайсковай лініі?

— Я вучыўся ў Сувораўскай вучэльні, але тут не бацька, а я асабіста ўгаварыў маму падаць дакументы. Гэта быў першы набор, калі бралі пасля 5-га класу, 1997 год. Сам падрыхтаваўся да іспытаў. Адвучыўся два з паловай гады і… цалкам расчараваўся ў войску, сышоў адтуль.

— Чаму?

— Шмат фактараў. Я вельмі цікавіўся вайсковай тэхнікай, зброяй, вывучаў, у якой краіне што знаходзіцца на ўзбраенні: заводзіў сшыткі, там усё распісваў-перапісваў… Інтэрнэту ж не было яшчэ. Карацей, сур’ёзна ў тым узросце цікавіўся. У Сувораўскай вучэльні трапіў у першы ўзвод першай роты: там апынуліся тыя, хто найлепш здаваў іспыты, меў найлепшы атэстат. Ад самой вучэльні, магчыма, я чакаў зашмат. Думаў, што будзе багата новай інфармацыі, будуць вучыць вайсковым дысцыплінам: тактыка, тапаграфія, вайсковая гісторыя… а ў выніку атрымалася, што гэта звычайная школа для хлопчыкаў.

— А як жа спецдысцыпліны?

— Нічога не было, прынамсі, за той час, які я там правёў: па 8-ы клас, пасля сышоў у 13-ю гімназію. Адзінае адрозненне ад звычайнай школы палягала ў тым, што ад 6-га класу ў нас быў раз на тыдзень занятак па вайсковай падрыхтоўцы — і ўсё. Мы ўвесь час разбіралі аўтамат Калашнікава. Агулам — ніякай новай інфармацыі, абсалютна аднабокае выкладанне. І гісторыя Беларусі, і сусветная — тое ж, што і ў школе. Таму хутка мне ўсё гэта надакучыла. Мала таго, што ты вучышся, як у школе, дык яшчэ і «ўкалваеш» у нарадах і г. д. — гэта было акурат як у войску.

Віктар Мароз раазам з сям'ёй падчас вучобы ў Сувораўскай вучэльні

Віктар Мароз раазам з сям'ёй падчас вучобы ў Сувораўскай вучэльні

«Калі ўсе спявалі «Господа офицеры», я адмовіўся»

— Вы ж там і жылі — у вучэльні?

— Так, казарменны рэжым. Але кожныя выходныя, калі не маеш залётаў, можаш хадзіць у звальненне. Наш першы ўзвод быў найлепшым у вучобе, таму мы хадзілі не як усе — да 18.30 нядзелі, але ажно да ранку панядзелка — прыходзілі акурат пад заняткі. Гэта ў нас была такая ўнікальная прэрагатыва. Калі на штодзень была адна форма — штодзённая, дык у звальненні хадзілі ў параднай.

— Падабалася форма?

— Спачатку так, крута было! Я ж усё жыццё марыў быць вайскоўцам, а вайскова-паветраныя сілы… блакітная мара наогул! У вучэльні я пачаў чытаць гісторыю Беларусі, асэнсаваў сябе беларусам… Добра, што ў нас быў прасунуты настаўнік гісторыі. Ён не казаў адкрыта, але неяк намякаў, якую літаратуру можна пачытаць. Тады я даведаўся пра «Невядомую вайну» ды іншыя важныя для беларусаў тэмы.

Чытаючы, я адчуваў, што ўнутры нешта зрушваецца. Урэшце, у мяне ўзнікла пытанне: а чаму наша вучэльня — «Сувораўская»?.. Адчуў тады несамавітае абурэнне! Гэта было таксама адным з фактараў, чаму я не давучыўся і сышоў. Мяне гэта душыла ўвесь час — сама назва. Спрачаўся з афіцэрамі, падымаў гэтую тэму.

— Здаецца, 1990-я гады — гэта час вольніцы, прынамсі калі казаць пра гісторыю ды падручнікі. Вас гэта не закранула?

— Гэта была ўжо другая палова 1990-х гадоў, таму моманты, якія з’явіліся ў падручніках пасля краху СССР, зноў пачалі выкрэсліваць… Засталося ўражанне, што там былі адно намёкі на нешта большае: сапраўдная гісторыя, маўляў, знаходзіцца недзе за шырмай, пра яе кажуць шэптам.

А яшчэ я спяваў у хоры. Памятаю гэтыя канцэрты, у Палацы афіцэраў у тым ліку. Нас прымушалі спяваць, напрыклад, «Господа офицеры» з радком «…за Россию, за свободу…», памятаеце? Некаторыя песні я наўпрост адмаўляўся спя­ваць. Калі я адмовіўся спяваць «Афіцэраў», мне сказалі хаця б адкрываць рот. Я і рот адмовіўся адкрываць…

— Не выгналі за такое з хору?

— Мне нічога не зрабілі, бо на хор ніхто хадзіць не хацеў — вось і не маглі выгнаць (смяецца). Раней спяваў добра — пакуль голас не паламаўся. Такія справы.

— А як іншыя? Ты быў адзіночкам у падобных канфліктных сітуацыях?

— Сябры падтрымлівалі, не­дзе спачувалі, калі нават не разумелі да канца. Каб нехта за мяне быў гарой у гэтых сітуацыях — такога не было. Пры гэтым у нас усіх былі цудоўныя адносіны, узвод быў вельмі таварыскім. Дагэтуль я шмат з кім камунікую з хлопцаў: хоць я і не давучыўся да канца, яны мяне ўвесь час клічуць на сустрэчы выпускнікоў.

Турызм і падарожжы — адно з хобі Віктара Мароза

Турызм і падарожжы — адно з хобі Віктара Мароза

Кузня ўніверсальных тэхнакратаў

— Тыя, хто давучыўся, зрабілі вайсковую кар’еру?

— Больш за палову акурат у «ваенку» не пайшлі. Нехта трапіў у інстытут замежных моваў: адзін хлопец фарсі і арабскую вучыў, цяпер працуе перакладчыкам пры адной з амбасадаў у краіне мусульманскага свету. Нехта на міжнародныя адносіны паступіў. У нашым узводзе сапраўды былі хлопцы з мазгамі. Нехта, канешне ж, абраў войска, спецназ… А я, калі сышоў, арміяй перастаў цікавіцца ў прынцыпе — як адсекла.

— Калі з вучэльні ты сышоў у гімназію — кантраст адчуўся?

— Не паверыце, але я моцна прасеў па ўсіх дысцыплінах — гімназічныя патрабаванні былі вышэйшымі. У Сувораўскай вучэльні быў прынцып: рабі па аналогіі, як баран, а ў гімназіі трэба было імправізаваць. Там — адзін з найлепшых ва ўзводзе па той жа матэматыцы, тут — найгоршы ў класе. Хімія — тое самае.

— Дык у Сувораўскай, здаецца, меўся быць упор на тэхнічныя дысцыпліны?

— Там упор на дысцыпліну быў — проста на дысцыпліну. Калі добра ходзіш у шыхце, не маеш залётаў і касякоў, то давучышся нармальна. Былі ў нас і круглыя двоечнікі, якія наўпрост «забівалі» на вучобу: мы іх цягнулі ўсім узводам, рабілі дамашку, тлумачылі… Іх раскідвалі па ўзводах, раўнамерна, у кожным такія былі.

— Насамрэч, з тваіх словаў складаецца дваістае ўражанне. З аднаго боку, слабая бездапаможная падрыхтоўка, з іншага — людзі пайшлі па міжнароднай лініі ці сталі афіцэрамі… Як так?

— Не ведаю. Магчыма, нешта змянілася, калі я сышоў, таму гэта маё персанальнае ўражанне. Не магу сказаць, што там выкладалі зусім дрэнна, наўпрост усё было неяк… просталінейна — што па матэматыцы, што па гісторыі. Трэба завучыць, пераказаць — і ты круты! Магчыма, Сувораўская вучэльня папросту рыхтавала ўніверсальных тэхнакратаў, якія маглі б працаваць у сістэме, але творчая жылка ці самастойнае мысленне было для іх неабавязковым, а часам — шкодным.

Турызм і падарожжы — адно з хобі Віктара Мароза

Турызм і падарожжы — адно з хобі Віктара Мароза

«Прыборка-прыборка-прыборка…»

— Сучаснай Беларусі патрэбная Сувораўская вучэльня?

— Ідэя выдатная, але выкананне жахлівае. Там не выхоўваюць патрыётаў. У нас хлопцы наогул не разумелі, хто яны, хто такі «беларус»… Адзін даводзіў, што ён рускі, хоць пакаленні яго продкаў адсюль, пасля ён з’ехаў у Расію. Гэта не элітныя кадры для беларускага войска, а незразумела што, постсавок. Вось гэта мне не падабалася моцна. Магчыма, нехта і стаў пасля Сувораўскай вучэльні элітай, за ўсіх не скажу, але… Занадта шмат «але».

— Што можна было б змяніць да лепшага, як лічыш?

— Гэта пытанне агульнай вайсковай рэформы, якая ўжо даўно наспела. Наша войска, на вялікі жаль, небаяздольнае і не мае будучыні, калі не пачаць нешта змяняць. Так, пасля Сувораўскай вучэльні я з заплюшчанымі вачыма разбіраў аўтамат Калашнікава, але… акрамя гэтага не ўмеў нічога. Навошта мне гэта тады? Я 2,5 гады разбіраў і збіраў АК, мыў падлогу, унітазы, займаўся пастаяннай прыборкай. Прыборка-прыборка-прыборка…

Магчыма, меў месца яшчэ і няўдалы эксперымент — і прычына ў гэтым. Маю на ўвазе, што бралі нас пасля 5-га класу, а не, скажам, пасля 9-га, калі хлопец ужо можа зразумець, што яму патрэбна.

— А як бацька паставіўся да твайго сыходу?

— Ён ад пачатку казаў: «Войска — гэта не тое, што ты думаеш». Тут бабуля, хутчэй, вельмі хацела, каб я вучыўся, бо дзед быў палкоўнікам. А бацька меў за плячыма інстытут замежных моваў, вайсковую кафедру, таму здаўна крытычна ставіўся шмат да якіх момантаў і не быў «ватнікам». Напрыклад, ён не падтрымліваў вайну ў Афганістане, бо тады яшчэ разумеў, што гэта такое. Таксама бацька, здаецца, яшчэ ў сярэдзіне 1980-х выйшаў з КПСС.

Адпачынак за більярдным сталом

Адпачынак за більярдным сталом

«Мець вытворчасць у Беларусі — гэта ўтопія»

— Чым займаўся пасля гімназіі?

— Паступіў у БНТУ на кафедру па арганізацыі перавозак, спецыялізацыя — міжнародныя аўтамабільныя перавозкі. Бацька тады ўжо працаваў у авіяперавозках, ягоная цікаўнасць — грузавыя самалёты. Гэта акурат і паўплывала на мой выбар. Ведаеш, тут нечым падобная гісторыя, як і з Сувораўскай вучэльняй: пяць гадоў навучання мала што далі. Калі людзі хочуць займацца перавозкамі, найперш варта вучыць замежныя мовы, а рэшту можна засвоіць за дзесяць гадзін, а пасля на практыцы. Пяць гадоў лепш на мову было б аддаць.

— Такім чынам, да сваёй спецыяльнасці ты сам дайшоў?

— Атрымліваецца, што так. У 2010 годзе я паспрабаваў сябе ў бізнесе, некалькі было пачынанняў, недзе пайшло, недзе не. Ад 2013-га працаваў у будаўнічай сферы, займаўся продажамі. У Беларусі можна займацца паслугамі і продажамі. Мець вытворчасць у Беларусі — гэта ўтопія. Але не хочацца закранаць эканоміку, тут асобная доўгая размова…

«Чорт падаткнуў заняцца стральбой…»

— Што ў цябе са спортам?

— У дзяцінстве брат прывіў любоў да баскетболу — я займаўся каля 7 гадоў. Гуляў у аматарскім клубе, але праз сур’ёзныя траўмы каленных суставаў адышоў ад гэтай справы. Акурат на той час прыпала паступленне ў БНТУ, таму лёгка пераключыўся — вучоба была важнейшая. Паралельна займаўся рукапашным боем. Пасля сыходу з Сувораўскай вучэльні мне патрэбная была дысцыпліна, бо я расслабіўся. Кантраст такі: у дзяцінстве дысцыпліна, а пасля раптам свабода… і панеслася «душа ў рай», пайшоў не па той дарожцы. «Рукапашка» акурат аказалася дарэчнай.

Пасля, у 2013-м, захапіўся рэгбі, бегаў з хлопцамі. Ну і… чорт падаткнуў заняцца стральбой (смяецца). Да зброі заўжды добра ставіўся, любіў, у мяне атрымлівалася. На пачатку 2015-га стаў паляўнічым і набыў зброю. Выязджаў страляць у спорцінг-клуб. Напярэдадні арышту, у лютым 2017-га, хацеў пайсці яшчэ на практычную стральбу з пісталета. І нешта мне падказала: не трэба. Я ўжо падаў дакументы, мяне ў групу запісалі, быў гатовы грошы плаціць, усё… і нешта перадумаў: лепш летам!

— Лічыш, магло б табе нашкодзіць?

— Мо і добра, што так атрымалася, інакш быў бы давесак следчым, маўляў, рыхтаваўся да чагосьці… незразумела да чаго. Дакладней, зразумела толькі людзям у пагонах. А я вось не разумею, чаму мужчына не можа любіць страляць, чаму? Я люблю. Я хацеў і на паляванні хадзіць, і проста страляць. Гэта ж драйв! Мяне забралі ў СІЗА 3 красавіка ўжо, апошнім з хлопцаў. Я тады акурат збіраўся на паляванне на гусей ісці.

— Калі забіралі знаёмых, не думаў, што за табой прыйдуць?

— Я нават не зразумеў, чаму іх забіралі. Сябраваў з некаторымі з даўніх часоў, гэта праўда. Большасць жа фігурантаў не ведаў у прынцыпе, пазнаёміліся толькі, калі з СІЗА павыходзілі. Зараз усіх ведаю (смяецца).

Турызм і падарожжы — адно з хобі Віктара Мароза

Турызм і падарожжы — адно з хобі Віктара Мароза

«Тата ў камандзіроўцы»

— Як на табе і тваёй сям’і адбілася гэтая гісторыя?

— Для маёй жонкі гэта быў моцны стрэс. Нават калі я на інтэрв’ю ішоў да цябе, патэлефанаваў ёй, яна кажа: «Не, лепш адмоўся! Раптам што не так скажаш…» (смяецца). Яна не разумее… нічога не разумее. Яна ніколі з падобным не сутыкалася, таму цалкам дэзарыентаваная, абураная. У выніку пачаліся праблемы са здароўем. Таму — лечымся, прыводзім думкі ў парадак. А яшчэ сын, 4 гады…

— Ён гэтую гісторыю па-свойму адпакутаваў?

— Калі ўсё закруцілася, яму тры з паловай было, троху меней. Для яго гэта было шокам і моцнай псіхалагічнай траўмай. Калі прыходзілі з вобшукамі, Ярамір спужаўся моцна… доўгі час «дзядзяў» баяўся — не тое, каб у масках, проста мужыкоў! Заікаўся нават нейкі час — каля 2 месяцаў, жонка супакойваючыя давала. Зараз прайшло. Ён жа наогул не ведаў, дзе я, думаў, што тата ў камандзіроўцы…

— Што далей?

— Першае, што хачу, гэта з’ездзіць з сям’ёй у адпачынак. Бо мы адкладалі адпачынак акурат на гэтае лета, але… адпачыць атрымалася толькі ў мяне. Прычым так «адпачыць», што сям’я аддала на гэта ўсе рэсурсы — такі незабыўны адпачынак (смяецца).

— Збіраешся змяняць род заняткаў?

— Не ведаю, паглядзім. Пакуль нічога не зразумела: сядзім і чакаем з ліпеня, як выйшлі з СІЗА. Нечым новым пачынаць займацца зараз — у пустую. А калі прыйдзецца вяртацца туды?.. Будзе, як будзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?