У Нью-Ёрку жанчыне прад'яўленыя абвінавачванні ў тым, што яна займалася адмываннем біткойнаў і іншых крыптавалют і адпраўляла атрыманыя грошы на дапамогу экстрэмісцкай групоўцы «Ісламская дзяржава», піша Бі-бі-сі
27-гадовая Зубія Шахназ таксама абвінавачваецца ў банкаўскім махлярстве і арганізацыі адмывання грошай. Яна застаецца пад вартай, у вызваленні пад заклад ёй адмоўлена.
Шахназ нарадзілася ў Пакістане. У ЗША яна працавала лабаранткай. Па словах абвінавачвання, яна падманным шляхам атрымала пазыкі ў банку на суму 85 тыс. даляраў, каб купіць у інтэрнэце біткойны.
Злачынныя групоўкі звяртаюцца да біткойнаў для таго, каб адмываць грошы.
Абвінавачванне сцвярджае, што ў ліпені Зубія Шахназ атрымала пакістанскі пашпарт і купіла сабе авіябілет з Нью-Ёрка ў Пакістан з прыпынкам у Стамбуле. Пракуратара заяўляе, што насамрэч яна імкнулася трапіць у Сірыю.
Яна была затрыманая ў аэрапорце імя Джона Кэнэдзі. Пры ёй было 9500 даляраў наяўнымі. Наяўныя больш чым у 10 тысяч даляраў неабходна дэклараваць пры перасячэнні мяжы.
Пры праглядзе яе электронных дэвайсаў выявілася, што яна часта шукала інфармацыю пра «Ісламскую дзяржаву».
Па кожным артыкуле абвінавачванні па адмыванні грошай ёй пагражае да 20 гадоў зняволення, і яшчэ 30 гадоў за банкаўскае махлярства.
Яе адвакат Стыў Зісу заяўляе, што яна толькі перасылала грошы за мяжу для дапамогі сірыйскім бежанцам.