У Лідзе ў канцы кастрычніка быў скрадзены аўтамабіль «Таёта Хайлендэр» 2013 года выпуску, коштам 27 тысяч даляраў. Машына знікла з двара шматпавярхоўкі ўначы.

Статыстыка паказвае на тое, што зламыснікі аб'явілі сапраўднае паляванне на аўтамабілі «Таёта» па ўсёй краіне. За апошнія некалькі месяцаў у розных рэгіёнах Беларусі выкрадзена 15 аўтамабіляў, папярэджвае Гродзенская ДАІ.

У лідарах гэтай сумнай статыстыкі Віцебская, Гомельская, Магілёўская і Мінская вобласці. Дарэчы, нячыстых на руку грамадзян цікавяць як японскія ўседарожнікі, так і седаны «узростам» да 10 гадоў — далей яны перапраўляюцца за мяжу.

Ёсць усе падставы меркаваць, што крадзяжы аўто адбываюцца шляхам перахопу радыёсігналу ад чып-ключа, пры гэтым цяпер ужо счытаць сігнал зламыснікі могуць, калі ключ ляжыць проста на стале ці ў кішэні ўладальніка аўтамабіля. Таму гаспадарам машын (асаблівая ўвага — да «Таёты») варта вярнуцца да даўно вынайдзенага механічнага блакатара руля і каробкі перадач, таксама можна ўсталяваць сакрэтную кнопку адключэння «масы» і самае галоўнае — не паскупіцеся на стаянку пад аховаю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0