Назіральнікам кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» з ананімных крыніц стала вядомая перапіска на закрытым чаце студэнтаў эканамічнага факультэта БДУ, перадае «Вясна».
З паведамленняў у чаце вынікае, што студэнтаў актыўна запрашаюць браць удзел у перадвыбарчых пікетах па вылучэнні ў якасці асобных кандыдатаў у дэпутаты. Прычым, як вынікае з перапіскі, прыняць удзел у пікеце менавіта ў якасці членаў ініцыятыўных груп.
Устаноўленая праз сацыяльныя сеткі Юля Муштукова паведамляе 29 ўдзельнікам чата:
«Добрай раніцы) Патрэбныя 3 чалавекі на перадвыбарчы (выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў) пікет да 12-00. Проста пастаяць у якасці сябра ініцыятыўнай групы гадзіны 1.5-2. Вызваленне на ўвесь дзень + 15 (рублёў)».
Іншы ўдзельнік чата Іван Шчэрбін удакладняе:
«Вось пікеты, размяшчэнне і час:
- 12.00 — 14.00 — пр. Пераможцаў, 89 (каля крамы «Суседзі);
- 2. 17.00-19.00 — «Арэна-Сіці» (пр. Пераможцаў, 84);
- 12.00-14.00 — вул. Раманаўская Слабада, 28 (кінатэатр «Беларусь»;
- 12.00-14.00 — вул. Шчадрына, 83 (каля УЗ 16-я гарадская паліклініка);
- 12.00-14.00 — вул. Чарвякова, 57 (каля магазіна «ГІППО»)».
Варта адзначыць, што Юля Муштукова з’яўляецца сакратаром камітэта БРСМ эканамiчнага факультэта БДУ, а Іван Шчэрбін — начальнік штаба працоўных спраў БРСМ БДУ.
Эксперты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначаюць, што дадзеная інфармацыя сведчыць аб грубых парушэннях дзейнага выбарчага заканадаўства.