16.12.2017 / 16:56

Белсат: Скандальна вядомы «Бульбаш-хол» на мяжы з Курапатамі адкрыецца ўжо праз месяц ФОТЫ 29

Комплекс адпачынку ля ўрочышча Курапаты, вядомы пад назвай «Бульбаш-хол», рыхтуюць да адкрыцця. Як паведаміла крыніца belsat.eu, «здача аб’екта» адбудзецца ў студзені 2018 года.

Здымаючы сюжэт ля месца сталінскіх расстрэлаў у Курапатах, карэспандэнты заўважылі, што на тэрыторыі калісьці закінутага комплексу вядуцца актыўныя работы. Ахоўнік, які адразу ж падышоў да здымачнай групы «Белсата», распавёў: аб’ект будзе канчаткова здадзены ўжо ў студзені.

Рабочыя абкладаюць цэглай коміны так званага «Бульбаш-холу». Фота: Ірына Арахоўская

Каб даведацца, ці сапраўды комплекс адкрыецца ў наступным месяцы, журналісты паспрабавалі звязацца з яго ўласнікам.

Восенню 2012 года ў пашпарце аб’екту ў якасці заказчыка будоўлі фігуравала кампанія «БелРэстІнвест», а інтэрнэт-старонка будучага «Бульбаш-холла» з’явілася на сайце холдынгу «Наша рэстаранная група» (ТАА «Белнаватэкс груп»).

«Наша рэстаранная група» валодае шэрагам фешэнебельных рэстаранаў у Мінску. Аднак пра ўласнікаў гэтага бізнесу амаль нічога не вядома. Адзіная згадка пра дырэктара «Белнаватэкс груп» Алега Вараб’ёва ў адкрытых крыніцах — гэта яго кароткі каментар спецыялізаванаму сайту a1development.by наконт асаблівасцяў рэстаратарскай справы.

Так званы «Бульбаш-хол» сёння. Фота: Ірына Арахоўская

Журналісты belsat.eu патэлефанавалі ў «Белнаватэкс груп», але атрымалі там супярэчлівыя адказы на свае пытанні. Спачатку прадстаўнік кампаніі пацвердзіла, што комплекс на 51-м кіламетры МКАД каля Курапат належыць «Белнаватэкс груп».

«Але назва там іншая. «Бульбаш-хол» — гэта СМІ прыдумалі», — адзначыла жанчына і папрасіла патэлефанаваць пазней, калі прыйдзе менеджар па маркетынгу.

Калі ж belsat.eu патэлефануе ў наступны раз, то ўжо іншая прадстаўніца адназначна заявіць, што «Белнаватэкс груп» не мае ніякага дачынення да гэтак званага «Бульбаш-холу». Яна таксама адмовілася пераключыць журналіста на кіраўніцтва кампаніі.

Цікава, што «БелРэстІнвест» і «Белнаватэкс груп» зарэгістраваныя ў адным будынку: Мінск, завулак Казлова, 5А. Адрозніваюцца толькі кабінеты. Абедзве кампаніі таксама фігуруюць у адным з дакументаў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ў якасці арганізатараў рэкламнай гульні. Можна дапусціць, што гэтыя кампаніі шчыльна звязаныя паміж сабой, аднак дакладны фармат іх сувязяў застаецца незразумелым.

Так званы «Бульбаш-хол» сёння. Фота: Ірына Арахоўская

Журналісты патэлефанавалі і ў «БелРэстІнвест», каб удакладніць, ці правільная інфармацыя пра адкрыццё комплексу ў студзені. Набраўшы прыватны нумар Андрэя Ярмоленкава, запыталі ў яго пра акалічнасці.

«Так, я ўласнік гэтага аб’екта на 51-м кіламетры. Але я здаю яго ў арэнду прадпрыемству ТАА «Анісбел». Я цяпер увогуле займаюся толькі тым, што свае аб’екты здаю ў арэнду. А ці плануюць яны адкрыцца ў студзені — не ведаю, гэта ўжо не мая справа», — заявіў гендырэктар кампаніі Ярмоленкаў.

Ён дадаў, што «прадстаўляе замежнага інвестара», які ўклаў грошы ў «Бульбаш-хол», але краіну паходжання інвестыцый не назваў. Паводле Ярмоленкава, пасля скандалу вакол будаўніцтва комплексу, замежныя бізнесоўцы «больш свае грошы ў гэтае месца ўкладваць не хочуць».

«Змарнавалі 5 гадоў… Гарантам у перамовах выступала дзяржава, я прадстаўляў інтарэсы замежнікаў. Ну калі яны прыехалі і ўклалі грошы ў бізнес, то не будуць жа яны калупацца ў гэтай зямлі! Ведаеце, там нічога не было ўвогуле да вайны, звычайная багна! Ёсць гістарычныя дакументы», — расхваляваўся гендырэктар.

Каментуючы нядаўнюю абарону Курапатаў — лагер актывістаў, якія ў лютым супрацьстаялі будаўніцтву іншага комплексу праз дарогу, Ярмоленкаў сказаў:

«Нейкія ідыёты каталіся па зямлі… Крыжы побач з комплексам стаяць? Дык іх жа незаконна там паставілі».

Кіраўнік ТАА «Анісбел» заявіла журналістам belsat.eu, што нічога не чула пра нейкі аб’ект на 51-м км МКАД і яны ўвогуле нічога не арандуюць. «Анісбел» валодае маленькім барам на станцыі метро «Усход» у Мінску і крамай садавіны непадалёк — маштабы, непараўнальныя з «Бульбаш-холам».

Так званы «Бульбаш-хол» сёння. Фота: Ірына Арахоўская

***

Скандал вакол будаўніцтва «Бульбаш-холу» распачаўся восенню 2012 года, калі грамадскія актывісты даведаліся пра тое, што рэстаранны комплекс з’явіцца побач з курапацкімі крыжамі. Прадстаўнікі грамадскасці сцвярджалі, што забудоўшчык парушыў заканадаўства: будынкі былі ўзведзены на тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў. З гэтым пагадзілася Генеральная пракуратура Беларусі: напрыканцы 2012 года ў Менаблвыканкам было накіраванае прадстаўленне аб «ліквідацыі парушэнняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчына». Будоўлю закансервавалі.

А ў 2013—2014 гг. камісія Міністэрства культуры прыняла шэраг рашэнняў аб скарачэнні межаў ахоўнай зоны Курапат — фактычна межы былі скарэктаваныя акурат пад «Бульбаш-хол» (забудова была выведзена з ахоўнай зоны). У СМІ некалькі разоў з’яўлялася інфармацыя, што «Бульбаш-хол» (няхай і пад іншай назвай) хутка распачне сваю працу, але ні ў 2015-м, ні ў 2016-м гэтага не адбылося.

4
Кар / Адказаць
16.12.2017 / 17:06
Забудоушчыкi, адумайцеся. Будынкi цёмнага колеру, таму варта зрабiць з iх музей палiтычных рэпрэсiяу. А весялiцца там ня варта.
6
Танцы на касцях! / Адказаць
16.12.2017 / 17:06
Татальны байкот комплексу на ўсіх узроўнях! Людзі - ні нагой туды, бізнэс - ніякіх адносін з «БелРэстІнвест», «Наша рэстаранная група» (ТАА «Белнаватэкс груп»), ТАА «Анісбел». 
У чорны спіс гэтых контрагентаў!

4
Guinness / Адказаць
16.12.2017 / 17:29
Прапаную грамадзе называць яго няйнакш як "Манкурт-Хол". 

Назва мае азіяцкае гучанне - блізкае да іх менталітэту і, спадзяюся, будзе выкарыстоўвацца скора ўсемі.
Паказаць усе каментары/ 29 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру