У Віцебску вынесены прысуд жанчыне (1988 года нараджэння), якая ў сямейнай сварцы забіла мужа. Вядома, што падставай для сваркі з мужам, які на 5 гадоў старэйшы за яе, стала рэўнасць. Апошняй кропляй сталі стасункі мужа з іншымі жанчынамі ў інтэрнэце, паведамляе vitebsk.biz.
У маладой сям'і, якая пражывае ў Віцебску ў мікрараёне Білева, часта здараліся канфлікты. Спачатку з-за грошай. Жанчына папракала мужа, што яго невысокіх заробкаў не хапае на ўтрыманне сям'і. Мужчына знайшоў добрую працу вахтавым метадам у Расіі. У сям'і нарадзілася дзіця. А канфлікты працягваліся.
Жанчына стала падазраваць мужа ў здрадах. Яна лічыла, што той у Расіі завёў сабе палюбоўніцу. Муж адказваў узаемнасцю, таксама лічачы, што жонка ў яго адсутнасць «ходзіць налева».
— У 2011 годзе жанчына падчас сямейнай сваркі схапіла нож і ўдарыла ім мужа, — распавёў пракурор аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці Антон Гарохаў. — Прычым падзеі разгортваліся на вачах у іх чатырохгадовай дачкі. Мужчына атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні, але жыццёва важныя органы не былі закранутыя. Нападніца была асуджаная да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.
Але нават пасля гэтага ў адносінах мужа і жонкі нічога не змянілася.
— У адзін з красавіцкіх дзён 2017 жанчына з мужам з раніцы распівалі спіртныя напоі, — распавядае Антон Гарохаў. — Днём да банкету падключыліся суседзі. Вечарам уся кампанія вырашыла працягнуць адпачынак у сауне. Але муж жанчыны адмовіўся туды ісці. Ён сказаў, што хоча пабыць з дачкой. Калі абвінавачаная прыйшла позна ўначы дадому, яна заспела мужа за камп'ютарам. Убачыла, што ён перапісваецца ў інтэрнэце з іншымі жанчынамі. Стала вінаваціць мужа з нагоды віртуальных і рэальных здрад. Той адмаўляў сваю віну. Тады жонка схапіла нож і моцна ўдарыла мужа ў грудную клетку. Мужчына ўпаў на спіну, змоўк і перастаў варушыцца.
Жанчына памацала ў яго пульс. Зразумеўшы, што муж мёртвы, адправілася да суседзяў, дзе паведаміла пра здарэнне. Супрацоўнікам праваахоўных органаў яна цынічна прызналася, што раней «ужо адзін раз рэзала мужа, але не дарэзала».
За забойства суд прызначыў жанчыне 1988 года нараджэння пакаранне ў выглядзе 12 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.