Супрацоўнікі Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрпала ў Беларусі і ўпраўлення наглядна-выканаўчай дзейнасці МУС 16 снежня экстрадавалі з Балгарыі мужчыну, які абвінавачваецца ў несанкцыянаваным доступе да камп'ютарнай сістэмы аднаго з беларускіх банкаў. Пра гэта паведамляе прэс-служба МУС.

У ведамстве распавялі, што беларускай міліцыяй быў ініцыяваны вышук фігуранта па лініі Інтэрпала ў жніўні 2017 года. У тым жа месяцы ён быў затрыманы ў Балгарыі.

«Па інфармацыі праваахоўнікаў, мужчына датычны да крадзяжу грашовых сродкаў шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі летам 2016 года. Згодна з матэрыяламі справы, група хакераў узламала камп'ютарную сістэму банка і з дапамогай шкоднаснага праграмнага забеспячэння атрымала магчымасць аддаленага кіравання банкаматамі фінансавай установы», — распавялі ў міліцыі.

За некалькі гадзін мужчына разам з саўдзельнікамі завалодаў 527 тысячамі даляраў, 67,5 тысячы еўра і амаль 109 тысячамі беларускіх рублёў з 27 банкаматаў, размешчаных у Мінску, Магілёве і Віцебску.

Па факце крадзяжу шляхам выкарыстання кампутарнай тэхнікі, здзейсненага арганізаванай групай у асабліва буйным памеры, была заведзена крымінальная справа па ч. 4 арт. 212 КК Беларусі. Санкцыі па гэтым артыкуле прадугледжваюць да 15 гадоў пазбаўлення волі.

З пачатку года гэта ўжо 13 экстрадыцыя ў Беларусь.

Tut.by нагадвае, што ў жніўні 2016 года Альфа-Банк распавёў, што адключыў усе свае банкаматы «з-за хакерскай атакі на праграмнае забеспячэнне банкаўскага абсталявання і спробы крадзяжу наяўных грошай». Гэта першы выпадак хакерскай атакі такога маштабу на банк у нашай краіне, пра які стала вядома грамадскасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0